
Фёдар Канстанцінавіч Валасюк нарадзіўся 6 студзеня 1921 года ў вёсцы Багуславічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (з 1972 г. Залуззе Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Змог атрымаць толькі пачатковую адукацыю ў мясцовай польскамоўнай школе. Працаваць пачаў з пятнаццаці гадоў, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, батрачыў у заможных аднавяскоўцаў, працаваў на чыгуначным участку Кобрын-Жабінка.
У час Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Валасюк жыў у роднай вёсцы, дзе з прыходам немцаў узначаліў моладзевую антыфашысцкую групу, дапамагаў партызанам, а затым стаў байцом партызанскага атрада імя Фрунзэ Брэсцкага злучэння, у якім ужо знаходзіўся брат Аляксей, сувязной атрада стала іх маці. У 1944 годзе прызваны ў Чырвоную армію, вызваляў Польшчу, пад Варшавай быў паранены. Пасля шпіталя накіраваны ў органы МУС БССР, служыў у Брэсце, потым старшым упаўнаважаным аддзела барацьбы з крадзяжом сацыялістычнай уласнасці і спекуляцыяй Кобрынскага раённага аддзела міліцыі. Гэтай няпростай справе аддаў 14 гадоў 7 месяцаў.
11 лістапада 1958 года Ф.К. Валасюк абраны старшынёй праўлення сельскагаспадарчай арцелі імя Сталіна з цэнтральнай сядзібай у вёсцы Пескі Пескаўскага сельсавета Кобрынскага раёна. Гаспадарка была слабай, але пад новым кіраўніцтвам праз некалькі гадоў пераўтварылася ў перадавую. Новы старшыня падабраў надзейныя кадры, зрабіў стаўку на жывёлагадоўлю. Завялі добрых кароў, была створана племянная ферма пад кіраўніцтвам заатэхніка Веры Іванаўны Семянюк. Надоі малака павысіліся ў два разы: больш за 3000 кг малака за год ад кожнай каровы. Даход гаспадаркі павялічыўся ў тры разы, а аплата чалавека-дня – у 6 разоў.
У 1959 годзе арцель перайменавана ў калгас імя ХХІ з’езда КПСС (у 1991–2003 гг. – калгас «Беларусь»; з 2003 г. – СВК «Вербнае»). Першым у раёне калгас пачаў будаваць жылыя дамы для сваіх работнікаў, былі ўведзены аб’екты сацкультбыту. Адным з першых у раёне ў Песках з’явіўся прыродны газ. Актыўна вялася дрэнажная меліярацыя, што дабавіла сотні гектараў прыдатнай зямлі. За дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэння вытворчасці мяса і малака 22 сакавіка 1966 года Ф.К. Валасюку прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
У 1970 годзе Фёдар Канстанцінавіч без адрыву ад працы закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці аграном. Кіраўнік ён быў патрабавальны, але справядлівы, цаніў людзей працавітых, дбайных і клапаціўся пра іх. Для лепшых працаўнікоў за кошт калгаса арганізоўваліся паездкі ў Маскву, Ленінград, на Чорнае мора, у Прыбалтыку. Фінансавае становішча калгаса было стабільным, за 27 гадоў працы ў калгасе Ф. К. Валасюк ні разу не браў банкаўскія крэдыты. У 1980 годзе да гаспадаркі далучылі калгас «Савецкая Беларусь», які меў даўгі 700 тыс. рублёў, але старшыня здолеў пагасіць запазычанасць. У 1986 годзе Фёдар Канстанцінавіч выйшаў на пенсію.
Надзейнай апорай для героя заўсёды заставалася сям’я, створаная ў 1942 годзе. Вынікам шчырага кахання Фёдара і Марыі Валасюкоў сталі дзве дачкі – Надзея і Галіна.
Ф. К. Валасюк за ваенную і працоўную дзейнасць узнагароджаны ордэнамі Леніна (1966), Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені (1985), медалямі (у т. л. сярэбранай і двума бронзавымі медалямі ВДНГ СССР: 1969, 1974, 1976), граматамі.
Фёдар Канстанцінавіч Валасюк памёр 23 чэрвеня 2000 года. Пахаваны на могілках вёскі Чаравачыцы Кобрынскага раёна.
1 мая 2007 года на будынку СВК «Вербнае» адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Ф. К. Валасюка.
За шматгадовую працу старшынёй калгаса «XXI з'езд КПСС» і за ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне Фёдар Канстанцінавіч Валасюк адзначаны наступнымі ўзнагародамі:
- 1963 г - Ганаровая грамата абкама «За поспехі, дасягнутыя ў развіцці с/х вытворчасці.
- 27.03.1963 г. - Ганаровая грамата ўдзельніку с/х выставы за дасягненне поспехаў у арганізацыі абнаўлення статка.
- 22.03.1966 г. - Званне «Героя Сацыялістычнай працы» за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці мяса і малака.
- 16.04.1966 г. - Ордэн Леніна. Залаты медаль «Серп і молат».
- 22.09.1968 г. - Ганаровая грамата за вялікую шматгадовую працу па кіраўніцтву сельгасартэллю.
- 12.08.1969 г. - Бронзавы медаль ВДНГ.
- 26.04.1971 г. - Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.
- 21.12.1971 г. - Ганаровая грамата за шматгадовую актыўную працу (Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР).
- 03.04.1970 г. - Юбілейны медаль «За доблесную працу» ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна.
- 25.07.1974 г. - Бронзавы медаль на ВДНГ.
- 01.12.1975 г. - Ударнік IX пяцігодкі.
- 06.07.1976 г. - Сярэбраны медаль на ВДНГ.
- 1974, 1975 гг. - Знак «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва».
- 02.02.1988 г. - Медаль «Ветэран працы».
- 11.03.1985 г. - Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені. Медаль «За Перамогу на Германіяй».
- 1997 г. - Медаль Жукава за ўдзел у Другой сусветнай вайне. Шэсць юбілейных медалёў.
Смотрите нас на YouTube
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Жабинковская детская библиотека
Жабинковская районная библиотека
Ракитницкая сельская библиотека
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Центральная районная библиотека
Жабинка читающая
Читайте нас в Telegram