
Іван Раманавіч Валошка нарадзіўся 6 кастрычніка 1898 года ў вёсцы Рачкі Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З лета 1915 года ў сувязі з Першай сусветнай вайной сям’я была ў бежанцах у Расіі, вярнуліся на радзіму ў 1920 годзе. Іван Валошка з 1921 года пасяліўся ў Брэсце-над-Бугам (цяпер Брэст) у кватэры дома на рагу вуліц Ягелонскай і Пераца (цяпер праспект Машэрава і 17 Верасня). У гэтым будынку (вул. Пэраца, 51) на першым паверсе размяшчаліся магазіны, цырульня, на другім – прыватная руская гімназія, у падвале – склад канцтавараў. Іван Валошка працаваў у гімназіі вартаўніком і жыў у гэтым доме.
У 1923 годзе Іван Валошка ўступіў у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. Яго кватэра стала явачнай для падпольшчыкаў і месцам захоўвання нелегальнай літаратуры КПЗБ. У 1927–1938 гадах у яго кватэры дзейнічала падпольная друкарня Цэнтральнага камітэта КПЗБ. Перад пачаткам будаўніцтва друкарні з мэтай канспірацыі Івану Валошку было даручана спыніць сувязь з людзьмі падполля, не з’яўляцца на сходах, мітынгах, прыкласці ўсе сілы, каб спадабацца паліцыі. Ад яго кватэры да ўчастка паліцыі (пастарунку) было толькі 150 м.
У падвале дома была выкапана яма глыбінёй 2,5 м і плошчай 9 м2, праца цягнулася больш за паўгода. Зямля выносілася тайна невялікімі порцыямі, складана было знайсці месца, куды яе выкідаць. Нарэшце, у выкапаным і замаскіраваным падполлі на пачатку 1927 года была абсталявана падпольная ў літаральным сэнсе друкарня. Па заданні акруговага партыйнага тэхніка М.Ш. Жукоўскага-Зільберга (партыйны псеўданім «Доктар») работу друкарні наладзіў віленскі слесар Натан Соган (мянушка «Дымек»). Ён адзін ведаў размяшчэнне і сакрэты ўсіх падпольных друкарняў КПЗБ і толькі ён асабіста іх мантаваў. Канспірацыя была на высокім узроўні: яго адрасы і сапраўднага імя не ведаў ніхто.
З Вільні прывозілі гатовыя матрыцы, па іх узору рабілі адліўкі з волава. Потым набылі шрыфт, якога спатрэбілася шмат, бо на розных мовах. Друкавалі лістоўкі, цыркуляры Брэсцкіх акруговых камітэтаў КПЗБ і КСМЗБ і іншыя партыйныя выданні на пяці мовах: беларускай, рускай, польскай, украінскай і яўрэйскай. Сярод лістовак: «За што судзілі рэвалюцыйных сялян у Кобрыне», «Вялікая барацьба лесарубаў» і інш. Друкаваныя матэрыялы Брэсцкай друкарні выкарыстоўвалі Брэсцкі і Пінскі акруговыя камітэты КПЗБ.
Іван Валошка непасрэдна ўдзельнічаў у стварэнні і дзейнасці друкарні, распаўсюджванні нелегальнай літаратуры. У гэтай небяспечнай, патрыятычнай справе яму дапамагала жонка Мялання Фамінічна.
Падпольная вытворчасць працавала бесперабойна на працягу 15 гадоў. Паліцэйскія зводкі не раз фіксавалі з'яўленне нелегальнай літаратуры ў розных месцах горада, але ні разу не ўдалося адсачыць месцазнаходжанне друкарні. Яна перастала функцыянаваць у сувязі з неабгрунтаваным роспускам Камуністычнай партыі Польшчы і яе састаўных частак — КПЗБ і КПЗУ — у сакавіку 1938 года. Дзякуючы строгай канспірацыі І.Р. Валошка захаваў абсталяванне друкарні і архіў да верасня 1939 года. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР перадаў іх палітаддзелу пагранічнага атрада. У сувязі з амаль варожымі адносінамі сталінскага рэжыму да членаў КПЗБ мясцовыя органы паставіліся прахалодна да гісторыі дзейнасці падпольнай друкарні, тэхнічная частка друкарні і яе архіў не зберагліся.
У Вялікую Айчынную вайну І.Р. Валошка быў сувязным партызанскага атрада імя Фрунзэ брыгады імя Сталіна. Пасля вайны працаваў у Брэсцкім аддзяленні дзяржаўнага банка. Памёр 3 лютага 1966 года.
У 1963 годзе ў памяць падпольнай друкарні на месцы, дзе яна знаходзілася, па ініцыятыве Васілія Пятровіча Ласковіча ўстаноўлена мемарыяльная дошка (праспект Машэрава, 42). Некаторыя выданні друкарні знаходзяцца ў фондах Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
Смотрите нас на YouTube
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Жабинковская детская библиотека
Жабинковская районная библиотека
Ракитницкая сельская библиотека
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Центральная районная библиотека
Жабинка читающая
Читайте нас в Telegram