Жалязоўскі Ігнацій (Якаў Лявонцьевіч)
Епіскап Брэсцкі, вікарый Літоўскі

Якаў Лявонцьевіч Жалязоўскі нарадзіўся 20 студзеня 1802 года ў вёсцы Вялікія Сяхновічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і ўніяцкага святара.

У 1812–1821 гадах Якаў вучыўся ў Брэсцкім дваранскім вучылішчы. У 1824 годзе стаў паслушнікам у базыльянскім Тараканскім Богаяўленскім манастыры (цяпер Драгічынскі раён), 26 кастрычніка таго ж года пастрыжаны ў манаства. У 1825 годзе паступіў у Галоўную ўніяцкую духоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце, якую скончыў са ступенню кандыдата багаслоўя ў 1829 годзе, у далейшым стаў магістрам багаслоўя.

Падчас вучобы 27 мая 1826 года пасвечаны на дыякана, 30 мая – на іерэя. 7 сакавіка 1829 года прызначаны выкладчыкам у вучылішча пры Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры (Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць). 5 ліпеня 1829 года пераведзены ў Кобрынскае павятовае духоўнае вучылішча, 21 сакавіка 1832 года прызначаны яго наглядчыкам. Першым наглядчыкам Кобрынскага вучылішча быў Іаан Лявонцьевіч Жалязоўскі (1800–1831) – старэйшы брат Якава Жалязоўскага. 28 снежня 1833 года Ігнацій накіраваны ў той жа пасадзе ў Супрасльскае духоўнае вучылішча (цяпер Беластоцкі павет Падляскага ваяводства, Польшча).

У 1836–1839 гадах Якаў Жалязоўскі – інспектар Літоўскай семінарыі ў Жыровіцах, стаўшай пры садзейнічанні ўніяцкага Літоўскага епіскапа Іосіфа (Сямашка, з 1840 г. праваслаўны архіепіскап Літоўскі і Віленскі, з 1852 г. праваслаўны мітрапаліт) цэнтрам падрыхтоўкі ўніятаў да ўз’яднання з праваслаўнай царквой. У 1839 годе Жалязоўскі прыняты ў праваслаўе на Полацкім саборы ўніяцкага духавенства, 12 лютага таго ж года ў час Полацкага царкоўнага сабору падпісаў сярод іншых святароў «Саборны акт аб уз’яднанні» уніяцкай царквы з праваслаўнай.

20 снежня 1839 года ўзведзены ў сан архімандрыта і прызначаны настаяцелем праваслаўнага гродзенскага Каложскага ў імя пакутнікаў Барыса і Глеба мужчынскага манастыра, клапаціўся аб захаванні Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царквы – помніка мураванага старажытнага праваслаўнага дойлідства XII стагоддзя ў Беларусі і ўсёй Усходняй Еўропе. Якаў Жалязоўскі арганізаваў збор сродкаў на рамонт храма і ахвяраваў частку грошай з уласных зберажэнняў. З 1843 года ажыццяўляў апеку над гродзенскім у гонар Раства Прасвятой Багародзіцы жаночым манастыром.

20 мая 1848 года ў Віленскім кафедральным саборы быў рукапаложаны ў епіскапа Брэсцкага з прыняццем імя Ігнація. У 1848–1870 гадах кіраваў Брэсцкай епархіяй, адначасова назначаны другім вікарыем Літоўскай епархіі, быў дзейсным памочнікам мітрапаліта Іосіфа Сямашкі. У 1852 годзе Ігнацій Жалязоўскі набыў у Гродне будынак для архірэйскага дома, які стаў яго рэзідэнцыяй і наступных Брэсцкіх епіскапаў. Пры Жалязоўскім амаль усе паверхі дома займала павятовае духоўнае вучылішча і кватэры выкладчыкаў.

Усё сваё жыццё Ігнацій прысвяціў Царкве і Літоўскай епархіі. Ён мэтанакіравана адстойваў ідэю канчатковага ўсталявання праваслаўя, меў дастаткова аўтарытэту, каб адстойваць яе перад вельмі значнымі асобамі. Уладыка ўмацоўваў у праваслаўі былых уніятаў Літоўскай епархіі, асабіста праводзіў рэвізіі цэркваў, уключаных у межы епархіі, пры гэтым уласнаручна асвяціў 16 праваслаўных храмаў, большасць з якіх была ператворана з каталіцкіх ці ўніяцкіх.

З асаблівай ахвотай епіскап ехаў на радзіму. Калі летам 1852 года ўладыка аглядаў 65 храмаў Кобрынскага павета, ён не мог абмінуць Вялікія Сяхновічы. Нямала сіл брэсцкі епіскап ахвяраваў на тое, каб навучыць мясцовых святароў правільнаму выкананню сваіх абавязкаў, змагаўся за чысціню маральнага аблічча святара. 19 кастрычніка (па стар. стылі) 1857 года епіскап Брэсцкі, вікарый Літоўскай епархіі Ігнат Жалязоўскі асвяціў прастол храма ў гонар свяціцеля Мікалая ў роднай вёсцы, дзе ён быў некалі ахрышчаны. Святарская радзіна Жалязоўскіх з ХVIII ст. правіла службу ў Сяхновіцкай царкве.

Епіскап Брэсцкі прыклаў шмат намаганняў да рамонту старых і ўзвядзення новых храмаў, ахвяраваў на гэта асабістыя сродкі. У 1860-1870 гадах у Гродзенскай губерні было пабудавана 59 новых, адрамантавана 29 прыхадскіх і пяць прыпісных храмаў. На асабістыя сродкі Ігнат перабудаваў царкву праведнай Марфы на могілках у Гродне (1868), царкву святога Мікалая на радзіме (1860).

У Брэст-Літоўску ў красавіку 1862 года быў закладзены Свята-Сімяонаўскі сабор, праект якога стварыў брэсцкі гарадскі архітэктар В. Палікарпаў. 7 лістапада 1865 года са Свята-Мікалаеўскага сабора з Брэсцкай крэпасці ў новы храм перанеслі мошчы прападобнага мучаніка Афанасія Філіповіча (Афанасій Брэсцкі, 1597–1648), ігумена Брэсцкага. 26 ліпеня 1868 года сабор асвяціў епіскап Брэсцкі Ігнацій. Свята-Сімяонаўскі сабор ніколі не зачыняўся. 24 жніўня 1997 года ў саборы мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт асвяціў копію крыжа Ефрасінні Полацкай аўтарства брэсцкага мастака-ювеліра Мікалая Пятровіча Кузьміча.

У час паўстання 1863–1864 гадоў епіскап Брэсцкі аказваў духоўную і матэрыяльную падтрымку мясцоваму праваслаўнаму насельніцтву, штодня здзяйсняў паніхіды.

27 чэрвеня 1870 года Ігнацій Жалязоўскі з-за хваробы (у 1866 і 1869 гг. перанёс інсульты) пакінуў епіскапскую кафедру, пасяліўшыся ў Барысаглебскім манастыры ў Гродне. У верасні гэтага ж года ён выканаў дадзены ім зарок, здзейсніўшы паломніцтва ў Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе адслужыў апошнюю ў жыцці службу.

За заслугі перад царквой яму была прызначана штогадовая пенсія. Узнагароджаны ордэнамі святой Анны І ступені і святога Уладзіміра ІІ ступені.

Па ўспамінах сучаснікаў, айцец Ігнацій вылучаўся сумленнасцю, сціпласцю і адданасцю свяшчэннаму служэнню, у зносінах з людзьмі быў непрадузяты, вытрыманы, спакойны. У асабістым жыцці гэта быў строгі манах-аскет. Дзверы яго дома былі адчыненыя для ўсіх у любы час дня. Нярэдка вечарамі ладзіў спеўкі кліраса, сам акампанаваў на скрыпцы, быў знаўцам царкоўных спеваў. Сабраў вялікую бібліятэку, цікавіўся рускай літаратурай.

Ігнація Жалязоўскага не стала 1 (13) красавіка 1872 года. На пахаванне, якое згодна традыцыі адбылося на трэці дзень пасля смерці, прыехалі архіепіскап мінскі Міхаіл (Галубовіч), ад якога ў 1848 годзе ўладыка Ігнацій прыняў брэсцкую кафедру, і Яўгеній (Шэршылаў), якому яе перадаў, зыходзячы на пакой. У знак глыбокага шанавання пахаваны ў падземным склепе гродзенскай могілкавай царквы праведнай Марфы, справа ад уваходу. Грабніца была збудавана па просьбе архірэя незадоўга да яго смерці.

На працягу жыцця Ігнацій дапамагаў дзецям свайго памерлага брата Іаана і быў сапраўдным апекуном сямейства Ануфрыя Катовіча, які быў жанаты з Марыяй Лявонцьеўнай Жалязоўскай, сястрой епіскапа Брэсцкага. Усе сыны-сіроты рана памерлага пляменніка ўладыкі – святара Васіля Ануфрыевіча Катовіча – скончылі Літоўскую духоўную семінарыю.

З 1875 года ў Віленскім духоўным вучылішчы была ўстаноўлена імянная стыпендыя епіскапа Ігнація для дзяцей-сірот, якія праяўлялі выдатныя здольнасці ў авалоданні навукамі і пры́кладных у сваіх паводзінах. Фундатарамі стыпендыі сталі протаіерэй Антоній Катовіч (бацька Ніканора Катовіча, які пазней вёў службу ў Крупчыцкай царкве на Жабінкаўшчыне), святары Іаан Лявіцкі, Васіль Макавецкі (былі жанатыя на сёстрах Ігнація), Пётр Катовіч і Еўдакія Катовіч (па мужу Ляскоўская).

У 1889 годзе ў Расійскай імперыі шырока святкаваліся 50-я ўгодкі ўз’яднання ўніяцкай царквы з праваслаўем. Выйшла праца ўраджэнца вёскі Азяты (цяпер Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці) Юльяна Фаміча Крачкоўскага «50-летие воссоединения». Ва ўсіх храмах служылася літургія ў памяць падзеі. Сярод імёнаў стваральнікаў гэтага факта неаднаразова гучала імя і пеліся царкоўныя гімны ў светлую памяць уладыкі Ігнація Лявонцьевіча Жалязоўскага, былога епіскапа Брэсцкага.