Нарадзіўся 12 ліпеня 1991 года ў г.Жабінка Брэсцкай вобласці. Бацька – Алег Мікалаевіч Кастрамін, маці – Наталля Фёдараўна Кастраміна, у сям’і выхоўвалася яшчэ малодшая сястра Дзіяна.
З 2001 года Павел пачаў займацца боксам у Жабінкаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе пад кіраўніцтвам Юрыя Мікалаевіча Аўчыннікава. У 2005 годзе стаў бронзавым прызёрам на чэмпіянаце Еўропы па боксе (Твер) сярод юнацтва.
Пасля сканчэння Жабінкаўскага гарадскога ліцэя ў 2008 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, які скончыў у 2013 годзе.
У 2010 годзе Павел выйграў золата на чэмпіянаце Беларусі па боксе ў Брэсце ў сваёй вазе і атрымаў званне “Майстар спорту Рэспублікі Беларусь”.
У перыяд з 2012 па 2019 гады Павел Кастрамін займаўся ў Брэсцкай абласной школе вышэйшага спартыўнага майстэрства пад кіраўніцтвам трэнера Уладзіміра Аляксандравіча Вышынскага.
У 2012 годзе атрымаў званне “Майстар спорту Рэспублікі Беларусь”, стаў пераможцам кубка Беларусі і турніру класа “А” ў г. Сімферопаль. Бронзавы медаліст чэмпіянату Еўропы па боксе (Калінінград). Увайшоў у першы склад Нацыянальнай зборнай Беларусі па боксе.
У 2013 годзе Павел Алегавіч стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы па боксе ў Мінску, удзельнікам чэмпіянату свету ў Алматы (Казахстан). Выканаў нарматыў па боксе “Майстар спорту міжнароднага класа”.
З 2014 года ўвайшоў у сусветны рэйтынг АІВА (Міжнародная асацыяцыя бокса), у якім займаў 15 месца ў сваёй вагавай катэгорыі (69 кг) на працягу некалькіх гадоў.
У 2015 годзе ўдзельнічаў у чэмпіянаце свету ў До́хе (Катар), стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы ў Са́макаве (Балгарыя).
У 2016 годзе прайшоў сусветны кваліфікацыйны адбор у Баку (Азербайджан) і стаў удзельнікам ХХХІ летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ- Жанэйра (Бразілія). На Алімпіядзе Павел Кастрамін выступіў супраць тайскага баксёра Сайлама Адзі.
Пасля Алямпійскіх гульняў Павел застаўся ў асноўным складзе баксёрскай каманды Беларусі і працягваў прымаць удзел у буйных міжнародных турнірах. У 2017 годзе браў удзел у чэмпіянаце Беларусі па боксе ў Оршы, дзе стаў пераможцам у сваёй вагавай катэгорыі. У гэтым жа годзе ўдзельнічаў у чэмпіянаце Еўропы ў Харкаве, дзе ў баі за медаль не дапушчаны суддзёй да працягу бою з-за траўмы. На наступны 2018 год Павел атрымаў золата на чэмпіянаце Беларусі па боксе ў Мінску.
У скарбонцы спартыўных дасягненняў Паўла Алегавіча Кастраміна званне сяміразовага чэмпіёна Беларусі, бронзавага прызёра ХVI кубка свету нафтавых краін (Ніжневартаўск), удзельніка летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра, шматразовага пераможца і прызёра міжнародных турніраў і турніраў класа “А”: памяці Віктара Лівенцава, Фелікса Штама, Валерыя Папенчанкі, “Мемарыяла Странджа”.
У 2019 годзе Павел Кастрамін стаў чэмпіёнам Польшчы і завяршыў кар’еру спартсмена. Зараз займаецца трэнерскай дзейнасцю.
Жанаты. Жонка Кастраміна Аліна Уладзіміраўна.