Давідчык Васіль Гаўрылавіч
Настаўнік, паэт, Ганаровы сябар Беларускага таварыства прыроды
Давідчык Васіль Гаўрылавіч

Васіль Гаўрылавіч Давідчык нарадзіўся 12 ліпеня 1924 года ў вёсцы Сенькавічы Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) ў сялянскай сям’і. Бацькі – Сафія і Гаўрыіл Давідчыкі – гадавалі яшчэ тры сына: Мікалая, Міхаіла і Яўгена.

«Бацька меў пять гектараў зямлі, – згадваў Васіль Гаўрылавіч у накідзе да аўтабіяграфіі, – але хлеба хапала да Каляд». У 1935-1936 гадах хлопчык служыў у пана Карпацкага з Курпічаў, даглядаў яго скаціну. У школу, якая знаходзілася ў вёсцы Сакалова, хадзіў толькі зімой. Пасля 1939 года вучыўся ў Жабінкаўскай школе.

Падчас акупацыі са сваім сябрам дзяцінства Пятром Літвінюком выконваў заданні партызанскага атрада імя Чарнака, перадаваў звесткі пра фашыстаў. Вясной 1944 года арыштаваны фашыстамі і змешчаны ў Брэсцкую турму, дзе яго білі, катавалі, дапытваліся пра партызан. Затым адпраўлены ў канцлагер пад Кёнігсберг, адкуль у той жа год уцёк.

Пасля вызвалення Жабінкаўскага раёна на фронт Васіля не ўзялі. Не столькі з-за малога росту, колькі з-за пашкоджанага ў лагеры пазваночніка.

Пасля Перамогі паступіў у Брэсцкае педвучылішча. Там заўважылі ў яго здольнасці да жывапісу. Хлопец пакінуў вучылішча, скончыў у Жабінцы дзесяты клас і падаўся ў Кіеўскае вучылішча мастакоў, але займаўся там нядоўга, бо атрымаў з дома трывожную вестку. Пасля завочна вучыўся ў Брэсцкім педінстытуце, але захапленне маляваннем і скульптурай не кінуў.

З 1946 года з’яўляўся сябрам Беларускага грамадства паляўнічых і рыбаловаў. Быў старшынёй мясцовага паляўнічага калектыву. Аднойчы абяззброіў браканьераў і здаў ружжо ў міліцыю.

Разам з жонкай жонкай Анэляй Іосіфаўнай выхоўвалі траіх дзяцей: Міраслава, Неллі і Людмілу.

Трыццаць пяць гадоў працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Жабінкаўскім раёне. Спачатку – у Хмелева, затым – у Багуславічах, пазней, пасля аб’яднання трох вёсак, у Залуззеўскай пачатковай школе. Васіль Гаўрылавіч імкнуўся спасцігнуць дзіцячыя душы, знайсці да кожнага сваю сцяжынку. То ён прапануе рабятам напісаць сачыненне па карціне, то намаляваць ілюстрацыю да прачытанай казкі, то дапоўніць расказ у кнізе. Вясной разам з дзетварой рыхтуюць гняздоўі для крыжанак і лысух. Першым у раёне арганізаваў для дзяцей сваёй школы гарачае харчаванне, у чым яму шчыра дапамагала жонка Анэля Іосіфаўна.

У першыя гады працы ў Залуззі вяскоўцы выбіраюць Давідчыка дэпутатам у сельскі Савет. Ён становіцца арганізатарам добраўпарадкавання вёскі, стварае мастацкую самадзейнасць у мясцовым клубе, наладжвае дзейнасць добраахвотнай народнай дружыны. У школе ён – настаўнік, у
клубе – лектар, на брыгадным стане – агітатар.

Васіль Гаўрылавіч стаяў ля вытокаў і з’яўляўся душою фальклорнага калектыву «Багуслаўка» Залуззеўскага сельскага Дома народнай творчасці, для якога складаў аднаактавыя п’есы, сцэнкі, інтэрмедыі і песні. Пісаў вершы на рускай і беларускай мовах, а таксама на мясцовым дыялекце. Час ад часу вершы, байкі і песні друкаваліся ў раённай газеце «Сельская праўда». Ягоныя гумарыстычныя творы заўсёды добра прынімаліся чытачамі.

Самавыдатам выпусціў кнігі вершаў «Уйми боль сердца моего» – на рускай мове, «Е у Полісься своя мова» і «Пашкадуй нас, наша доля» – на мясцовым дыялекце, а для Брэсцкага інстытута ўдасканалення настаўнікаў на беларускай мове падрыхтаваў рукапіс кніжкі-малышкі «Алфавіт у малюнках і вершах» для дзяцей дашкольнага ўзросту. Многія гады ён быў душою літаратурнага аб’яднання «Плынь» пры рэдакцыі раённай газеты «Сельская праўда».

Доўгі час каля будынка Залуззеўскай пачатковай школы на пастаменце стаяла скульптура піянера з ускінутай у салюце рукой, створаная Васілём Гаўрылавічем. Другая яго работа – скульптура салдата – знаходзілася на магіле чатырох савецкіх воінаў у Агародніках.

Васіль Давідчык жыў з вечным клопатам пра выхаванне дзяцей, пра надзённыя справы аднавяскоўцаў. Сэрца і веды ён аддаваў людзям. Пайшоў з жыцця «Настаўнік», як называлі яго ў Залуззі, 10 мая 1995 года.

У 2023 годзе работнікі Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі сабралі пад адной вокладкай вершы, байкі, прыпеўкі, песні, мініяцюры Васіля Давідчыка. Такім чынам, праз шмат гадоў пасля смерці непаўторнага мясцовага паэта захавана яго паэтычная спадчына.

У ліпені 2024 года ў Залуззеўскім сельскім Доме народнай творчасці прайшоў вечар памяці «Знакамітыя землякі», прысвечаны стагоддзю з дня нараджэння ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, стваральніка фальклорнага калектыву «Багуслаўка», педагога і самабытнага мясцовага паэта Васіля Гаўрылавіча Давідчыка. Таксама тут існуе куток з кнігамі, рукапісамі, фатаграфіямі ветэрана.