
Альбін Міхаіл Дзяконскі нарадзілся 28 красавіка 1892 года ў маёнтку Пятровічы Кобрынскага павета. Дзявочае прозвішча маці Альбіна – Ядвігі – Ажэшка, яна была далёкай родзічкай Элізы Ажэшка, вядомай польскай пісьменніцы. Яе першы муж італьянец Бяртольдзі, даведзены да банкруцтва, скончыў жыццё самагубствам. Ядвіга выходзіць у другі раз замуж за Альбіна Дзяконскага, чалавека адукаванага, паважанага і значна старэйшага за яе: паміж супругамі была розніца ў 21 год. Бацька будучага паэта, таксама Альбін, валодаў маёнткам Пятровічы, быў маршалкам дваранства Кобрынскага павета. Род Дзяконскіх меў свой герб.
Дзяцінства Альбіна Міхаіла праходзіла ў вялікай сям’і сярод братоў і сясцёр, дзе было чатыры роды дзяцей: “мае, твае, нашы, ні твае, ні мае”, як іх называлі паміж сабой бацькі. Ядвіга Ажэшка выйшла замуж за ўдаўца пана Бяртольдзі, які меў сына Маўрыцыя. Бяртольдзі гадавалі двух сыноў – Юрыя і Артура. Пасля смерці пана Бяртольдзі пані Ядвіга выйшла за ўдаўца Альбіна Дзяконскага, у якога быў сын Мар’ян, у саміх Дзяконскіх нарадзіліся дзве дачкі – Ядвіга і Ганна (Нютка) і два сыны – Альбін (Бінусь) і Вацлаў (Ваця). Пра незвычайную дабрыню, такт і культуру гэтых людзей лепш за ўсё сведчыць любоў усіх дзяцей адзін да аднаго як да родных братоў і сясцёр. Бінусь (так дома называлі Альбіна) рос кемлівым, разумным. Гэтым, напэўна, і спадабаўся далёкім сваякам па бацькоўскай лініі Казіміру і Стэфаніі Дзяконскім, якія часта наведваліся ў Пятровічы. Не маючы сваіх дзяцей, яны ўсынавілі Альбіна і забралі на Пружаншчыну ў свой радавы маёнтак – Магілёўцы, маючы намер у будучым пакінуць маёнтак яму ў спадчыну.
Пачатковую адукацыю Альбін атрымаў у хатніх настаўнікаў. Дзяцей у сям’і было шмат, таму без гувернантак абыйсціся не маглі. Сярэднюю школу Альбін пачаў наведваць у Варшаве, затым прадоўжыў абучэнне ў Рыжскай гімназіі.
Яго адукацыя пасля ўсынаўлення ажыццяўлялася на грошы Казіміра і Стэфаніі. Родзічы вырашылі накіраваць Альбіна на вучобу ў Бельгію, дзе ён вывучаў сельскаю гаспадарку. Рашэнне аб навучанні на факультэце сельскай гаспадаркі было лагічным: яго рыхтавалі ў спадкаемцы вялікага маёнтка. Але гаспадарка не вабіла Альбіна, і яго навучанне ў Бельгіі было нядоўгім. Пасля ён працягвае вучобу ў Лазанскім універсітэце на факультэце раманістыкі. У Лазані Альбін знаёміцца са сваёй будучай жонкай – Сафіяй, дачкою віленскага адваката Максімільяна Малінскага і хросніцай Казіміра Дзяконскага.
Пачатак першай сусветнай вайны прымушае Альбіна і Соф’ю вярнуцца на Радзіму. Альбін не быў мабілізаваны, бо меў слабое здароўе. Ён застаўся ў Магілёўцах і займаўся справамі гаспадаркі. У верасні 1915 г. Аршанская паветная па воінскай павіннасці прысутнасць прызнала яго непрыгодным да службы ў войску. Аднак ён апынуўся ў падпарадкаванні асобаўпаўнаважанага па забеспячэнні прыпасамі бежанцаў і насельніцтва тылу арміі Паўночна-Заходняга фронту. Некаторы час Альбін служыў пры штабе ў Арле, куды да яго прыехалі Соф’я і Стэфанія Дзяконская. Вясной 1917 г. у Арлоўскім рымска-каталіцкім прыходскім касцёле адбылося вянчанне Альбіна з Соф’яй. Пасля вайны маладая сем’я на некаторы час пасяляецца ў Варшаве, а ў 1920 годзе назаўсёды пераязджае ў Магілёўцы. Спакойнае жыццё ў правінцыйных Магілёўцах, поўнае клопатаў аб гаспадарцы і паэтычнай творчасці, было раптоўна перарвана ў верасні 1939 г. Пасля таго, як Чырвоная армія заняла тэрыторыю Заходняй Беларусі, А. Дзяконскі быў арыштаваны і адпраўлены ў Мінск. Далейшы лёс яго невядомы.
Няма звестак, у якім узросце Альбін Міхаіл пачаў пісаць вершы. У яго вершах наогул вельмі мала аўтабіяграфічных звестак. Дом у Магілёўцах быў прытулкам, які паэт вельмі любіў. Менавіта тут нарадзілася большасць вершаў А. Дзяконскага. Першая кніга “Байкі” пабачыла свет ў 1920 г. Гэта быў невялікі зборнік вершаваных баек, сярод якіх “Шпак”, “Алень”, “Ліс і барсук”, “Ваявода”, што часам складаліся ўсяго з некалькіх радкоў. Байкі добра ўдаваліся Дзяконскаму. Лаканічныя, кароткія, яны трапна выяўлялі пазіцыю аўтара. Мараль баек Дзяконскага – не нуднае павучанне, а канстатацыя фактаў: свет уладкаваны вельмі недасканала, неідэальна.
На працягу 20–30-х гг. ХХст. выходзяць наступныя зборнікі паэзіі Альбіна Дзяконскага: “Байкі. Сатыры. Лірыка” (1926), “Элегія” (1929), “Эклогі” (1931), “Гарадскія матывы”(1931), “На захад” (1932), “Два галасы” (1933), “Драма Люцыфера” (1934), “Падгледжаныя рэчы” (1936), з якіх толькі першы быў надрукаваны ў Вільні, астатнія ўсе – у Варшаве. Апошняя кніга “Зялёныя Магілёўцы” была выдадзена ў 1939 г. Многія вершы з яе напоўнены нейкім прадчуваннем, страхам. Адзін з вершаў так і называецца “Страх жыцця”. У вершы “Франтон дома” паэт гаворыць, што гуляючы вечарамі па парку, ён адчувае небяспеку і толькі ступіўшы на ганак, трымаючыся за парэнчы, становіцца самім сабою. У яго апошніх вершах ёсць прадчуванне трагедыі, не ўсім зразумелыя туманныя летуценні.
А. Дзяконскі вельмі рэдка публікаваў свае вершы ў тагачасных часопісах. Захаваўся часопіс “Naokolo swіata” за ліпень 1939 г. № 183, у якім быў апублікаваны верш Альбіна Дзяконскага “Lіlіе”. Хутчэй ўсяго, гэта была апошняя публікацыя перад арыштам паэта. Што датычыцца яго зборнікаў, то яны часцей за ўсё выходзілі невялічкімі тыражамі – па некалькі соцень экзэмпляраў.
Апошні зборнік вершаў Дзяконскага надрукаваны ў Варшаве ў 1985 г. На беларускай мове да гэтага часу былі выданы толькі некалькі баек. Творчасць паэта не стала тэмай глыбокага літаратурнага аналізу. Зразумела, што даследчыкаў у савецкія часы не магла прывабіць такая тэма: памешчык-паэт буржуазнай Польшчы. Аднак мастацкія якасці твораў Дзяконскага несумненныя: уся паэзія напоўнена любоўю да навакольнага свету, ён меў здольнасць бачыць і перадаваць прыгажосць звычайных, штодзённых, знешне непрыкметных рэчаў, ніколі не апускаўся да павучэнняў. Вершы паэта пазбаўлены сацыяльнай ці палітычнай актуальнасці, у іх ёсць і гумар, і подых вельмі складанага часу, сынам якога быў Альбін Дзяконскі.
Смотрите нас на YouTube
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Жабинковская детская библиотека
Жабинковская районная библиотека
Ракитницкая сельская библиотека
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Центральная районная библиотека
Жабинка читающая
Читайте нас в Telegram