Нарадзіўся Гадулька Васіль Уладзіміравіч 18 мая 1946 года ў вёсцы Федзькавічы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Маці – Еўдакія Парфенаўна, бацька – Уладзімір Данілавіч працавалі ў саўгасе “Беларусь” (в.Пятровічы Жабінкаўскага раёна).
Вучыўся Васіль у Рагазнянскай сямігодцы, якую скончыў на выдатна, а потым – у Жабінкаўскай сярэдняй школе. З падлеткавага ўзросту праявіў вялікую цягу да мовазнаўства, таму пасля заканчэння школы ў 1964 годзе Васіль паступіў у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. Вучыўся паспяхова, дасканала авалодаў нямецкай мовай, захапіўся вывучэннем англійскай, італьянскай, французскай, польскай, на якіх мог свабодна гаварыць. Але інстытут так і не закончыў: перарваў вучобу на апошнім курсе.
Пасля службы ў войску, вярнуўшыся ў Федзькавічы, Гадулька ўладкаваўся настаўнікам нямецкай мовы ў Азяцкую сярэднюю школу, потым перайшоў на працу ў саўгас “Беларусь” (в.Пятровічы Жабінкаўскага раёна).
Жыццёвы шлях паэта быў вельмі няпросты. Пасля таго як пакінуў інстытут, балюча гэта перажываў. Яшчэ больш яго надламала наступная чарада трагічных падзей: на яго вачах загінуў брат Пётр, хвароба і смерць маці, нераздзеленае каханне. Усё гэта адыграла пэўную ролю ў лёсе Гадулькі.
Васіль пачаў пісаць вершы на расейскай мове яшчэ ў школе, у 1985 годзе перайшоў на беларускую мову, але нікому іх не паказваў і друкавацца не спрабаваў, лічачы захапленне паэзіяй сваім хобі. Яго вершы ўпершыню з’явіліся ў друку ў 1986 годзе ў жабінкаўскай раённай газеце “Сельская праўда”, пасля ў абласной “Заре”, у штогодніку “Дзень паэзіі” і ў штотыднёвіку “ЛіМ”, а таксама ў часопісе “Нёман” у перакладзе на рускую мову. Васіль Уладзіміравіч пачаў удзельнічаць у пасяджэннях літаб’яднання “Плынь” пры раённай газеце “Сельская праўда”.
У снежні 1986 года Васіль Гадулька стаў удзельнікам рэспубліканскай літаратурнай нарады ў Доме творчасці “Іслач”, дзе яго паэзію высока ацанілі Іван Навуменка і Рыгор Барадулін, які назваў Васіля Уладзіміравіча “сапраўдным вясковым інтэлігентам”. Гадулька быў у ліку 27-мі ўдзельнікаў семінара, якія паставілі свае подпісы пад лістом у абарону беларускай мовы, накіраваным М.С. Гарбачову.
Паэт пісаў вершы не толькі па-беларуску і па-руску, але і па-нямецку, і па-англійску, пераклаў на беларускую мову творы М. Забалоцкага і Ш. Пецёфі з нямецкага перакладу М. Рэманэ. У 1988 годзе Гадулька напісаў празаічны твор “Казка пра незаробленыя грошы”.
У 1992 годзе Гадулька падрыхтаваў рукапіс зборніка сваёй паэзіі, які назваў “Кропелька сонца”, але ён так і не быў выданы, нягледзячы на немалыя намаганні сяброў, перш за ўсё адказнага сакратаря жабінкаўскай газеты “Сельская праўда”, выдатнага паэта Васіля Сахарчука, які прымаў актыўны ўдзел у яго жыцці і творчасці. У 2002 годзе гэты рукапіс самавыдатам падрыхтавалі супрацоўнікі Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі для бібліятэк раёна. У канцы 1992 года бібліятэкары звярнуліся да Васіля Уладзіміравіча з просьбай напісаць для іх сваю аўтабіяграфію. Ён згадзіўся, але напісаў не ад першай, а ад трэцяй асобы, закончыўшы свой жыццяпіс, не ведаючы, чым яго завяршыць, жартаўліва-іранічным сказам: “Рыхтаваў зборнік вершаў і баек, але надрукаваць яго не паспеў: зімой 1992 года ў страшэннай галечы і без сродкаў для існавання, незразуметы, расчараваны і пакінуты ўсімі трагічна памёр і пахаваны на могілках у в. Федзькавічы Жабінкаўскага раёна”.
Гэтыя радкі аказаліся прарочымі: 15 чэрвеня 1993 года ва ўзросте 47 гадоў Васіль Гадулька заўчасна памёр, пакінуўшы пасля сябе архіў сваіх твораў.
У канцы 1993 года у зборніку “Берасцейскія карані” апублікаваны некаторыя вершы Гадулькі.
Памятныя юбілейныя Гадулькавы даты ў Жабінкаўскім раёне сталі праводзіцца кожныя пяць гадоў. У 1996-м Паэт адзначыў бы паўвекавую дату. Супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтавалі свята паэзіі Васіля, на якое запрасілі настаўнікаў, вучней гарадскіх школ, сяброў аматарскага клуба "Суразмоўнік", членаў літаб'яднання "Плынь" і ўсіх, хто любіць вершаванае слова.
На асобную кнігу паэта збіраліся ўсім светам, Алесь Разанаў першы зрабіў узносак на яе выданне. У 2004 годзе пры фінансавай падтрымцы фірмы “БЕЛПІ”, каардынатарам якой быў беларускі пісьменнік Леанід Галубовіч, выйшаў зборнік вершаў Гадулькі “Голас”. Адзін з ініцыятараў выдання зборніка і яго укладальнік – вядомы паэт Леанід Галубовіч.
Намаганнямі грамадскасці і брэсцкага мастака Сяргея Казака 13 мая 2005 года на радзіме Васіля Гадулькі ў вёсцы Федзькавічы ўстаноўлены надмагільны помнік паэту.
У ліпені 2005 г. у раённай дзіцячай бібліятэцы г. Жабінка адбылася прэзентацыя паэтычнага зборніка Гадулькі “Голас”, а 27 кастрычніка гэтага ж года ў гарадскім ДК прэзентацыя “Голаса” праходзіла адначасова з кнігай Васіля Сахарчука “Мой вечны бор”. На мерапрыемстве прысутнічалі пісьменнікі А. Каско, М. Антаноўскі, І. Дашына, Л. Філатаў, Р. Бензярук, А. Наварыч, Ю. Сапажкоў, Л. Галубовіч.
У 2008 годзе пабачыла свет паэтычная падборка Гадулькі ў калектыўным зборніку аўтароў, што гэтак жа рана пакінулі жыццё, з яскраваю назваю “Незабыўныя галасы. “Я хацеў вам сказаць…”, і некалькі вершаў надрукаваны ў альманаху “Жырандоля”.
Да 65-годдзя з дня нараджэння Васіля Гадулькі ў 2011 годзе ў Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў прайшло Свята кнігі “І кропелькай сонца згублюся ў траве”, якое падрыхтавалі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. На літаратурнай сустрэчы прысутнічалі пісьменнікі Іван Дацкевіч, Алесь Каско, Аляксей Ганчук і Аляксей Філатаў.
У 2015 годзе вялікая нізка вершаў Гадулькі надрукавана ў беластоцкім часопісу "Тэрмапілы", а ў 2016-м таксама ў Беластоку (Польшча) выйшла найбольш поўнае выданне яго твораў "Па-над сцежкай лёсу", куды акрамя паэзіі ўключана перапіска Васіля з Галінай Самойла і яе маці.
Найбольш шырока з усіх юбілеяў адзначалася 70-годдзе з дня нараджэння Васіля Гадулькі. У Мінску ўшанаванне адбылося ў доме-музеі Максіма Багдановіча, ініцыятарам правядзення свята стаў Леанід Галубовіч. У Жабінцы супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтавалі вечарыну "Прагнуў я з праўдай жыцця пазнаёміцца..." і бібліяграфчны паказальнік "Мой верш кладзецца на паперу, як зерне ў цёплую раллю". Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі праводзіла для дзяцей і юнацтва літаратурны конкурс, назву якому даў вершаваны радок: "Мара твая сярод зорак сваю адшукала...".
Свае вершы сціпламу вясковаму паэту Васілю Гадульку прысвяцілі В. Сахарчук, І. Дацкевіч, Р. Бензярук, В. Шніп, Г. Самойла, Ф. Самойла.
Васіль Гадулька пайшоў з жыцця, але ён застаўся ў кожным сваім вершаваным радку.
Смотрите нас на YouTube
Ленинская сельская библиотека
Ракитницкая сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Жабинковская детская библиотека
Жабинковская районная библиотека
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Центральная районная библиотека
Жабинка читающая
Читайте нас в Telegram
Ракитницкая сельская библиотека