Каско Алесь Канстанцінавіч

Аляксандр Канстанцінавіч Каско нарадзіўся 10 снежня 1951 года ў вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў мнагадзетнай сям’і. Бацька, Канстанцін Рыгоравіч, лічыўся сярод вяскоўцаў майстрам на ўсе рукі. Маці, Ксенія Васільеўна, працавала ў мясцовым калгасе трактарысткай.

У старэйшых класах мясцовай сярэдняй школы, куды Алесь пайшоў у 1958 годзе, яму пашанцавала быць вучнем Міколы Купрэева, які працаваў настаўнікам літаратуры і ўжо тады быў вядомым паэтам. Першы верш Каско напісаў у шостым класе, а будучы вучнем выпускнога класа, надрукаваў свой верш “Пралескі” ў ганцавіцкай раённай газеце “Савецкае Палессе”.

Пасля заканчэння Чудзінскай дзесяцігодкі ў 1968 годзе Алесь Каско паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры, дзе ў гэты час вучыліся М. Пракаповіч, А. Разанаў, В. Жуковіч, Р. Сыраватка, А. Зайка. У Брэсце пачынаючы паэт далучыўся да літаратурнага жыцця: пасябраваў са студэнтамі-паэтамі, рэгулярна наведваў пасяджэнні інстытуцкага літаратурнага гуртка і абласнога літаб'яднання, змяшчаў свае вершы ў абласной газеце “Заря”, потым у рэспубліканскай “Чырвонай змене”. У гады вучобы лёс звёў яго з выдатным педагогам, вядомым пісьменнікам, прафесарам, загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Уладзімірам Калеснікам. Ён аказаў моцны ўплыў на маладога паэта, дапамог яму развіць творчыя здольнасці.

У пачатку 1971 года Каско перапыніў вучобу ў інстытуце і стаў працаваць настаўнікам: спачатку ў Рагазнянскай васьмігадовай школе Брэсцкага раёна, а потым у Чудзінскай сярэдняй школе Ганцавіцкага раёна. Адсюль увосень 1971 года прызваны ў Савецкую Армію. Пасля службы зноў настаўнічаў у роднай вёсцы і вучыўся на завочным аддзяленні педінстытута, дзе аднавіў вучобу ў 1973 годзе. У 1974 годзе перавёўся на стацыянар і ў гэтым жа годзе накіраваны на Рэспубліканскі семінар маладых літаратараў у Каралішчавічы. На апошнім курсе ажаніўся з Людмілаю.

Пасля заканчэння інстытута ў 1976 годзе з жонкаю і немаўляткам сынам Вадзімам Алесь Канстанцінавіч прыехаў у г. Жабінка Брэсцкай вобласці, дзе ў 1987 годзе ў сям'і нарадзілася дачка Оля. Да 1984 года працаваў карэспандэнтам раённай газеты “Сельская праўда”, з'яўляўся спачатку сакратаром, а пасля старшынёю раённага літаб’яднання “Плынь”. Затым (1984-1991) перайшоў рэдактарам на Брэсцкую абласную студыю тэлебачання ў праграму літаратурна-драматычных перадач з Міколай Пракаповічам. У тым жа 1984 годзе Алесь Каско стаў членам Саюза беларускіх пісьменнікаў, а з 1991 года ўзначальваў Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў. Знаходзячыся на гэтай пасадзе, у 2001 годзе выступіў з дакладам на Другім Міжнародным кангрэсе Беларускага Пэн-цэнтра, які праходзіў у Доме творчасці пісьменнікаў “Іслач”, заснаваў серыю паэтычных аўтарскіх кніжак “Берасцейскае вогнішча”. У 2007-ым годзе зноў вярнуўся ў Жабінкаўскую “Сельскую праўду”. На яе старонках друкуюцца яго карэспандэнцыі, рэпартажы, інтэрв’ю, замалёўкі, нарысы, вершы. У гэты час Алесь Канстанцінавіч кіруе літаратурнай студыяй “Вестка” пры раённай дзіцячай бібліятэцы, актыўна дапамагае пачынаючым паэтам авалодаць словам, любіць родную мову. Ён часты госць на літаратурных вечарынах у школах, арганізацыях, бібліятэках Жабінкі і Брэста. Не забывае ён і сваіх зямлякоў: сустракаецца з вучнямі Чудзінскай школы, з аднавяскоўцамі. Памятае Алесь Каско і аб тых паэтах, якіх няма зараз з намі. 3 яго дапамогай выйшла ў Брэсце пасмяротна кніга В. Праскурава “Наўсцяж вясковай вуліцы”, нямала ён зрабіў па ўпарадкаванні месцаў пахаванняў М. Рудкоўскага, І. Кірэйчыка, прыклаў шмат намаганняў, каб на магіле ў вёсцы Федзькавічы з'явіўся помнік паэту В. Гадульку.

Вынікам плённай працы на паэтычнай ніве з’явіліся кнігі вершаў Алеся Каско: “Вестка” (у калектыўным зборніку “Нашчадкі” (1979), “Свой камень” (у калектыўным зборніку “Трохперсце” (2008), зборнікі “Скразная лінія” (1982), “Набліжэнне” (1989), “Час прысутнасці” (1994), “45” (1996), “Трохкроп’е” (2001), “Нічога больш” (2011), “Прыадхінуты небасхіл” (2012), “Межавыя знакі” (2014).

Не забывае паэт і пра юных чытачоў: у 2001 годзе запісаў казкі землякоў-чудзінцаў і выдаў іх у зборніку народных казак “Чыстага ўсё нячыстае баіцца”, у 2004 годзе выйшла кніжка вершаў і казак “Два сонцы”.

Творы Алеся Каско друкаваліся ў літаратурным альманаху “Жырандоля” Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, у штогодніку “Дзень паэзіі”, у штотыднёвіку “ЛіМ”, у часопісах “Полымя”, “Дзеяслоў”, “Крыніца”, “Маладосць”, “Нёман”, “Роднае слова”. У 1988 годзе выйшаў зборнік вершаў беларускіх паэтаў розных пакаленняў, прысвечаны 70-годдзю ўтварэння Беларускай ССР, у які ўвайшоў верш Каско “Неўміручы цесля”. У 2009 годзе вершы Каско надрукаваны ў літаратурным альманаху “Своя Стихия”, які ўключае ў сябе творы 23-х аўтараў на беларускай і рускай мовах.

Алесь Канстанцінавіч выступае ў друку як празаік, эсэіст, займаецца рэдактарскай працай. Ім адрэдагаваны кнігі пісьменнікаў Берасцейшчыны: Леаніда Філатава, Івана Арабейкі, Расціслава Бензярука, Алеся Паплаўскага, Івана Лагвіновіча. Пісьменнік шмат увагі надае перакладам на беларускую мову рускіх, украінскіх, польскіх, нямецкіх, македонскіх паэтаў. Ягоныя вершы перакладзены на рускую, украінскую, польскую, балгарскую, літоўскую мовы.

Шматгранная творчасць паэта адзначана літаратурнымі прэміямі: імя Аркадзя Куляшова (1995) за кнігу паэзіі “Час прысутнасці”, імя Уладзіміра Калесніка (2008) за зборнік вершаў паэтаў Берасцейшчыны “Трохперсце” (А. Каско, М. Пракаповіч, М. Рудкоўскі). Ён таксама лаўрэат прэміі “Берасцейская зорка-2002” у намінацыі “Літаратура”, лаўрэат міжнароднай прэміі імя Ганны Краснапёркі (2005), першым атрымаў уведзеную на Брэстчыне, заснаваную паэтам-пчаляром Міколай Папекам незвычайную літаратурную “Мядовую прэмію” (2001) – пуд мёду.

Талент пісьменніка не застаўся незаўважаны: яго прозвішча, як і прозвішчы іншых таленавітых пісьменнікаў Ганцаўшчыны, увекавечанае на адным з скульптурных завіткоў, усталяваных у цэнтры горада на Алеі паэтаў.

Алесь Каско пайшоў з жыцця 26 лістапада 2017 года, праз два тыдні яму споўнілася б 66 гадоў. Пасля сыходу Алеся Канстанцінавіча засталася яго Паэзія з вялікай літары, паэзія моцная, думная, інтэлектуальная. Ён назаўжды застанецца арыенцірам у творчасці для маладых пісьменнікаў Беларусі.