Жабінкаўская Алёна Міхайлаўна

Нарадзілася Алена Кавальчук 8 снежня 1960 года ў вёсцы Сакалова Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У хуткім часе сям’я пераехала ў Жабінку, дзе і прайшло дзяцінства Алены. Бацька – Міхаіл Ігнацьевіч – працаваў на цукровым заводе, маці – Ніна Іванаўна – выкладала ў школе-інтэрнаце, займала пасаду старшыні Жабінкаўскага гарвыканкама.

У юнацтве Алена захаплялася не толькі літаратурай, яшчэ жывапісам, музыкай – вучылася па класе фартэпіяна. Пасля заканчэння сярэдняй школы тройчы спрабавала паступіць у Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя Мухінай. У 1981 годзе паступіла на дзённае аддзяленне факультэта журналістыки Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адну з творчых практык Алена праходзіла ў Жабінкаўскай раённай газеце “Сельская праўда”. На трэцім курсе выйшла замуж, нарадзіла сына Арсена. Муж, Аляксей Дзмiтрыевiч Ахматаў, член Саюза пiсьменнiкаў Расii, аўтар кніг паэзіі і крытычных артыкулаў.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Алена Міхайлаўна засталася ў Ленінградзе, працавала карэспандэнтам шматтыражнай газеты “На трудовой вахте”, літаратурным рэдактарам тэхнічнага часопіса “Судостроение”, затым займалася літаратурным рэдагаваннем мастацкай літаратуры ў выдавецтвах “Измерение”, “Северо-запад”, “Азбука”, “Библия для всех”, “Петрополь”, “Культура” і інш. Кваліфікаваная і сумленная праца стварыла для Алены высокі імідж у выдавецкіх колах.

Першая публікацыя Алены з’явілася ў 1989 годзе ў зборніку “Молодой Ленинград“ пад псеўданімам Жабінкаўская, які яна ўзяла па назве малой радзімы. У 1991 годзе апублікавала адзінае сваё фантастычнае апавяданне “Ловец облаков” ў часопісе “Четвертое измерение” №4. Друкавалася ў газеце “Смена” за 20.02.1993г. пад рубрыкай “Поэтерий “Гамбургский счет”, у часопісе “Нева” (1998, № 9), зборніках “Молодой Ленинград” (1989), “Молодой Петербург” (1998),  "Петербургский квадрат" (2010) і іншых калектыўных выданнях. Прымала ўдзел у ХІХ канферэнцыі маладых літаратараў Паўночнага Захаду. У 2000 годзе Алена Жабінкаўская прынята ў саюз пісьменнікаў Рассіі, у тым жа годзе яе вершы увайшлі ў паэтычны зборнік “Светлица”, у якім прысутнічаюць творы выключна жанчын-паэтэс.

Алена Міхайлаўна – аўтар шасці кніг вершаў. У 1993 годзе выйшаў першы яе зборнік “Улитка-слеза”, дзе яна дэбютавала як мастак. З таго часу займаецца не толькі рэдагаваннем, але і мастацкім афармленнем кніг – як вершаў, так і прозы для дарослых і дзяцей. Затым з'явіліся паэтычныя зборнікі “Сердечная юдоль” (1998), “Отсвет любви небес” (1999) і “Свет мой, зеркало” (2005), за які ў 2006 годзе Жабінкаўская ўдастоена прэстыжнай Царскасельскай мастацкай прэміі. У 2015 годзе надрукаваная кніга вершаў паэткі "Странница", а ў 2020 – "Пой, синица!". 

24 красавіка 2010 года Алена Жабінкаўская ўдзельнічала ў прэзентацыі зборніка вершаў «Петербургский квадрат», якая праходзіла ў арт-кафэ «Подвалъ бродячей собаки» ў Пецярбургу.

З 2010 года Алена Жабінкаўская публікуецца на буйным расійскім літаратурным партале Стихи.ру, які працуе пад эгідай Расійскага саюза пісьменнікаў і прадстаўляе аўтарам магчымасць свабоднай публікацыі сваіх твораў.

У 2010, 2012, 2013, 2014 гадах Алена Жабінкаўская разам з іншымі пецярбургскімі паэтэсамі прымала ўдзел у вечарах жаночай паэзіі, якія былі арганізаваны ў сярэдніх школах №193 і №207 горада Пецярбурга.

Для пачынаючых аўтараў у Пецярбургу ў Цэнтры Сучаснай Літаратуры і Кнігі праводзяцца майстар-класы «Полилог». 24 лютага 2013 г. паэтычны майстар-клас правяла Алена Жабінкаўская. Яна не толькі падарыла ўдзельнікам свае кнігі, але і дадала да ўзнагароды пераможцы паэтычны зборнік Генадзя Грыгор'ева «Алиби», які даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю.

Наведваючы Жабінку, Алена Міхайлаўна сустракаецца с чытачамі, дорыць свае кнігі з асабістым подпісам аўтара і цёплымі словамі-пажаданнямі. У жніўні 1998 года, калі яна прыехала да бацькоў, супрацоўнікі центральнай раённай бібліятекі ладзілі сустрэчу з паэткай, а 5 сакавіка 2007 года Алена выступала перад сябрамі клуба “Суразмоўнік”, які існуе пры Жабінкаўскай ЦРБ. Увесну 2016 года пад час сустрэчы аматараў паэзіі з паэткай-зямлячкай у раённай бібліятэцы высветлілася, што адзін з вершаў Алены Жабінкаўскай пакладзены на музыку, цяпер гэта раманс “Жыццё – гульня незразумелая”, які выконвае аўтарка музыкі Людміла Гарні. 

Алена Міхайлаўна, якая жыве далёка ад малой радзімы, назвалася Жабінкаўскай, каб захаваць памяць пра родны горад, каб дапамагчы рускім чытачам пазнаёміцца з Беларуссю, з нашым горадам. Дзякуючы такім вершам, як “Дождь в Жабинке”, “Приснилась Жабинка”, яны цяпер ведаюць аб невялікім гарадку каля Брэста.