
Кіраўнікі Жабікаўскага камбікормавага завода
КАЖАМЯКА Аляксей Цітавіч – 1959;
МІХАЙЛАЎ Андрэй Іванавіч – 1962-1963;
ДАРАПІЕВІЧ Аляксей Нікіфаравіч – 1963-1965;
КАРОТКІ Іван Васільевіч – 1965;
ТАЛОКІН Аляксандр Васільевіч – 1966-1967;
КАНАТОП Уладзімір Рыгоравіч – 1967-1970;
ЗАЎЯЛАЎ Віктар Іванавіч – 1970-1975;
ШОРАХ Сцяпан Іосіфавіч – 1975-1980;
БОКАЎ Анатоль Мікалаевіч – 1980-1987;
ВОЛК Васіль Канстанцінавіч – 1987-2019;
ЛАБАДА Ігар Пятровіч – з 30 снежня 2019 года.
У 1948 годзе на ўскраіне райцэнтра Жабінка, побач з чыгункай створана арганізацыя «Заготзярно». Назва гаварыла сама за сябе – гэта быў пункт цэнтралізаванага прыёму збожжа. 11 кастрычніка 1957 года на яго тэрыторыі пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю малагабарытны ўніверсальны камбікормавы завод (МУК3-35) магутнасцю 35 тон за суткі, які забяспечваў гаспадаркі раёна камбікармамі. Гэта была простая ўстаноўка для размалоту і змешвання розных відаў збожжа. На прадпрыемстве працавалі звыш сямідзесяці чалавек. Прадукцыйнасць была невысокай, таму з 1965 да канца 1969 года праведзена рэканструкцыя камбікормавага цэху праектнай магутнасцю 200 тон у суткі. Колькасць працаўнікоў на абноўленым заводзе вырасла да 112 чалавек. Асноўнымі спажыўцамі прадукцыі завода па-ранейшаму з'яўляўіся калгасы і саўгасы Жабінкаўскага раёна, у той жа час камбікорм пастаўлялся і іншым гаспадаркам Брэстчыны.
У 1971 годзе ўстаноўлены і ўведзены ў дзеянне гранулятар вытворчасці растоўскага завода «Прадмаш». Грануляванне рассыпной сумесі дазволіла рэзка скараціць страты пры транспартаванні і захоўванні. Упершыню пачалі вырабляць поўнарацыённы камбікорм з дабаўленнем вітамінаў і мікраэлементаў, адкрыліся новыя магчымасці для балансіроўкі і ўзбагачэння кармоў.
У 1972 годзе мадэрнізацыя вытворчай базы працягнулася. У прадпрыемстве з'явіўся яшчэ адзін вельмі важны аб'ект – склад сіласнага тыпу ёмістасцю 5,1 тысяч тон. Да сярэдзіны 1970-х калектыў завода склаў дзвесце чалавек, у ім адбываюцца прыкметныя якасныя перамены. Прыходзяць працаваць выпускнікі спецыялізаваных аддзяленняў тэхнікумаў і вузаў. Гэта таксама адыграла немалаважную ролю ва ўдасканаленні завода, асабліва на этапе далейшага ўскладнення тэхналогій, увядзення лабараторнага кантролю сыравіны і гатовай прадукцыі, насычэнні цэхаў сучасным абсталяваннем. Нягледзячы на развіццё прадпрыемства, тэхнічная забяспечанасць была слабой, з транспарту меліся адна машына ГАЗ-51 і адзін конь з возам.
У 1976 годзе распрацаваны праект тэхнічнага пераўзбраення Жабінкаўскага камбікормавага завода, які з-за недахопу фінансавання не мог рэалізавацца. Было вырашана праводзіць мадэрнізацыю сваімі сіламі, паступова.
У васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя аграпрамысловы комплекс, які знаходзіўся ў стадыі буйнога развіцця, патрабаваў бесперабойнага забеспячэння камбікармамі. Праца калектыва працягвалася па двух напрамках: абнаўляліся тэхналогіі і адначасова нарошчваліся вытворчыя магутнасці.
У 1988 годзе на прадпрыемстве поўнасцю аўтаматызаваны лініі дазавання і змешвання кармоў. Прадукцыя Жабінкаўскага камбікормавага завода стала высакаякасным поўнарацыённым кормам для жывёлагадоўлі рэспублікі.
Да канца 1980-ых – пачатку 1990-х гадоў тут штосутачна выпрацоўвалі да 300 тон якаснага грануляванага камбікорму, цалкам «закрываючы» патрэбнасці навакольных жывёлагадоўчых комплексаў, уключаючы і суперкомплекс «Белавежскі». У гэты ж час завод, персанал якога ў працэсе мадэрнізацыі стабілізаваўся на ўзроўні 200 працуючых, становіцца для Жабінкі адным з горадаўтваральных прадпрыемстваў, калі мець на ўвазе ўзровень фінансавых адлічэнняў у мясцовы бюджэт і ўдзел у вырашэнні праблем сацыяльнай інфраструктуры.
У 1989 годзе пачалося будаўніцтва элеватара ёмістасцю 18 тысяч тон збожжа. У 1991 годзе дзяржава пад назвай СССР ператварылася ў факт гісторыі, тэмпы будаўніцтва адразу ж знізіліся, і толькі ў 1993 годзе першы «вышыннік» з'явіўся на тэрыторыі завода. У 1995 годзе на элеватары ўстаноўлены два важныя кампаненты: лініі лушчэння і затарвання, а таксама ўведзены ў эксплуатацыю міні-млын.
30 снежня 1995 года камбікормавы завод ператвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства «Жабінкаўскі камбікормавы завод».
Для ўкаранення ў рознічныя рынкі прадпрыемства абзавялося спачатку міні-пякарняй, а ў 1997 годзе адкрывае ўласную краму «Камбікармы». У гэтым жа годзе закуплена і ўстаноўлена першая лінія экструдавання. Гэты прынцыпова новы метад перапрацоўкі злакаў стаў значным крокам у камбікормавай вытворчасці. У выніку экструзіі пажыўная каштоўнасць корму падвойваецца. У 1998 годзе дадаткова ўстанаўліваюць лінію ўводу вадкіх энзімаў з мэтай выпрацоўкі камбікармоў з рознага віду дабаўкамі. Тады ж набыта дапаможная гаспадарка на 1200 галоў свіней.
Гандлёва-вытворчы ўчастак «Сузор'е» ўтвораны ў маі 1998 года, ён уключаў у сябе краму і пякарню. Першапачаткова планаваўся як дапаможнае падраздзяленне для забеспячэння прадуктамі працаўнікоў завода, але неўзабаве стаў адкрытым для ўсеагульнага доступу. У кастрычніку 2016 года побач адкрылася новая гандлёвая кропка «Мясная крама», у 2022 годзе перайменаваная ў «Прывоз».
Да канца 1999 года на Жабінкаўскім камбікормавым заводзе праведзена поўная аўтаматызацыя вытворчага працэсу: замена рэлейнай схемы вытворчасці, камп'ютарызавана сістэма аператарскага кіравання, працоўныя месцы, устаноўлена новае кантрольнае абсталяванне і г.д.
У 2002 годзе правялі ўстаноўку і ўвялі ў эксплуатацыю лінію экспандзіравання, якая дазваляла атрымліваць камбікорм у выглядзе крупкі.
У тым жа 2002 годзе ў сувязі з арганізацыяй уласнай гандлёвай сеткі па рэалізацыі камбікармоў насельніцтву на заводзе з'явіўся аддзел збыту (рэалізацыі). Продажы павялічваліся, і на працягу 2004-2005 гадоў створана сетка крам «Камбікармы». У сярэдзіне 2000-х за кошт работнікаў гандлю калектыў завода павялічыўся да 300 чалавек.
Арганізацыйным кампанентам выпуску якаснай прадукцыі сталі распрацоўка і ўкараненне сістэмы мэнэджмэнту якасці, Жабінкаўскі завод першым у сваёй галіне ў 2004 годзе атрымаў Сертыфікат ISO CTБ 9001-2001. Затым была сертыфікавана сістэма кіравання якасцю і бяспекай НАССР (Hazard Analysis and Critical Control Points). Гэта дазволіла дэклараваць прадукцыю ў рамках Мытнага саюза і заключаць экспартныя пагадненні.
У 2005 годзе зманціравана лінія ўводу згушчанай сыроваткі ў экспандаваныя камбікармы, уведзена ў эксплуатацыю лінія дробнай затаркі камбікармоў 0,2-2 кг, што дало магчымасць павялічыць разнастайнасць фасоўкі прадукцыі, падключана аўтаматызаваная сістэма кантролю і ўліку электраэнергіі (АСКУЭ).
У 2006 годзе ААТ «Жабінкаўскі камбікормавы завод» упершыню ў краіне асвоіў новы напрамак дзейнасці – выпуск сухога корму для хатніх жывёл, стварыўшы ўласны брэнд – корм для дарослых сабак «Рэкс». У далейшым таварную лінейку дапоўнілі корм «Рэкс плюс» для сабак з павышанай актыўнасцю, корм для шчанюкоў «Рэксік», корм для сабак дробных парод «Рэкс міні», а таксама корм для кошак «КОТіКОРМ». Прадукцыя завода адпускаецца ў самай рознай расфасоўцы: ад буйных упаковак для аптовых пакупнікоў (поліпрапіленавыя мяшкі ад 5 да 40 кг), да невялікіх герметычных пакетаў для рознічнага гандлю (вагой ад 200 грамаў да аднаго кілаграма). Персанал завода ў 2006 годзе складаў больш за трыста чалавек.
У 2007 годзе ўстаноўлены мікрадазатар кампанентаў з мэтай уводу ферментаў, амінакіслот, араматызатараў і іншых дабавак. У наступным годзе зманціравана ўстаноўка дазавання тлушчу ў змяшальнік з 6-працэнтным уводам і адкрыта новае падраздзяленне – цэх па перапрацоўцы алейных культур.
2009 год адзначаны ўводам у эксплуатацыю зернесушыльнага комплексу прадукцыйнасцю 40 т/гадз.
У 2010 годзе праведзена мадэрнізацыя тэхналогіі вытворчасці рассыпных камбікармоў з пераходам на сучасную схему дазавання, драбнення, змешвання сыравінных кампанентаў. Выпушчаны новыя віды прадукцыі «КОТіКОРМ» – корм сухі для даўгашэрсных кошак і «Удалы ўлоў» – прыкормка для лоўлі рыбы з водарам ванілі. Здейснены першыя адгрузкі сухіх кармоў для хатніх жывёлін на рынак Расійскай Федэрацыі.
У 2011 годзе завершана будаўніцтва новага цэха аўтаматычнай фасоўкі гатовай прадукцыі.
У 2012 годзе адбыўся пуск найважнейшага вытворчага аб'екта – элеватара, які складаецца з 6 круглых ёмістасцяў агульным аб'ёмам 20 тыс. тон.
У 2013 годзе ўведзена сучасная парцыённая схема вытворчасці рассыпных камбікармоў.
У чэрвені 2014 года скончана пачатае ў 2011 годзе будаўніцтва свінагадоўчага комплексу «Сычова» на 24 тыс. галоў свіней, які ў канцы 2019 года перададзены Брэсцкаму мясакамбінату.
У 2015 годзе праведзены запуск новай магутнай лініі па выпуску кармоў для хатніх жывёл дацкай фірмы «Аndritz».
Са студзеня 2017 года функцыяніруе аддзел па выпуску інавацыйнай прадукцыі. Яго галоўная задача – удасканаленне ўжо існуючых і стварэнне новых відаў камбікармоў. У гэтым жа годзе на тэрыторыі завода пабудавана і ўведзена ў дзеянне аўтамыйка з убудаваным шынамантажом.
Найважнейшым звяном на заводзе лічыцца вытворча-тэхнічная лабараторыя, спецыялісты якой ажыццяўляюць трайны кантроль якасці: якасць сыравіны, дакладнасць выканання тэхналагічнага працэсу і якасць вырабленай прадукцыі. Яна працуе на прадпрыемстве з моманту яго адкрыцця. Работа вядзецца кругласутачна, адбор проб праводзіцца з кожнай партыі сыравіны і гатовай прадукцыі.
Да свайго 60-гадовага юбілею ААТ «Жабінкаўскі камбікормавы завод» падышоў з наступнымі паказчыкамі: агульная колькасць работнікаў – 550 чалавек; прадукцыйнасць – 30 т/г, 720 тыс. т/с.; колькасць транспарту – 65 аўтамабіляў, 2 цеплавоза; асартымент выпускаемай прадукцыі – 51 від камбікармоў; колькасць крам – 50 шт.; пагалоўе свінагадоўчага комплексу – 18 тыс. галоў.
У сакавіку 2022 года пры заводзе адчыніў дзверы для наведвальнікаў бар «Бярлога».
Прадукцыя жабінкаўскіх вытворцаў камбікармоў дастойна канкурыруе не толькі на айчынным рынку, але і ў краінах блізкага замежжа. За 3 квартал 1984 года заводу прысуджаны пераходны Чырвоны сцяг міністэрства нарыхтовак СССР і УК прафсаюза. 1987-ы год азнаменаваўся прысуджэннем дыплома ВДНГ за якасць прадукцыі. Пазней прадпрыемства неаднаразова з'яўлялася лаўрэатам конкурсаў «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь», дыпламантам прэміі ўрада краіны ў галіне якасці. У 2004 і 2012 гадах атрымала дыплом «Лепшыя тавары Беларусі на рынку Расійскай Федэрацыі». У 2005 годзе пацвердзіла званне лаўрэата Брэсцкага аблвыканкама ў сферы якасці. У Міжнароднай спецыялізаванай выставе «Зялёны дом» ў 2009 і 2015 гадах калектыў прадпрыемства адзначаны дыпломам «За выдатную якасць прадукцыі і высокія стандарты абслугоўвання заказчыкаў». Паводле вынікаў Міжнароднай арганізацыі «Саюз Нацыянальных бізнес-рэйтынгаў» у 2014 годзе атрымаў званне «Лідар галіны 2014». На ўрачыстай цырымоніі ў гонар Дня горада Жабінка 23 ліпеня 2022 года дырэктару ААТ «Жабінкаўскі камбікормавы завод» Лабадзе Ігару Пятровічу ўручана ганаровая грамата за значны ўклад калектыву прадпрыемства ў сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і выпуск інавацыйнай прадукцыі.
У цяперашні час ААТ «Жабікаўскі камбікормавы завод» – адно з найбуйнейшых спецыялізаваных прадпрыемстваў Беларусі, якія займаюцца выпускам камбікармоў шырокага асартыменту і прызначэння. Пры вытворчасці камбікармоў выкарыстоўваюцца самыя сучасныя тэхналогіі гранулявання, экструдавання і экспандзіравання. Магчымыя магутнасці – 580 тон у суткі. Асартымент выпускаемай прадукцыі прадстаўлены камбікармамі для ўсіх відаў сельскагаспадарчых жывёл, рыб, а таксама асвоены масавы выпуск сухіх кармоў для хатніх жывёл – катоў і сабак, дэкаратыўных грызуноў – хамякоў, мышэй, пацукоў, марскіх свінак. Прадукцыя экспартуецца ў краіны СНД, Еўропы і Азіі. Прадукцыю пад брэндам «Белкорм» цэняць у першую чаргу за якасць і дакладную адпаведнасць спажывецкім стандартам.
Смотрите нас на YouTube
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Жабинковская детская библиотека
Жабинковская районная библиотека
Ракитницкая сельская библиотека
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Центральная районная библиотека
Жабинка читающая
Читайте нас в Telegram