Сцяпанкаўская сельская бібліятэка

Сцяпанкаўская сельская бібліятэка заснавана ў 1862 годзе адначасова з адкрыццём народнага вучылішча. Першым настаўнікам для 45 вучняў стаў мясцовы святар ФЕАФІЛ ПАЎЛОВІЧ.

У 1869 годзе пабудаваны школьны дом для 63 хлопчыкаў і 37 дзяўчынак. Пры школе працавала бібліятэка, фонд якой складаў 1711 кніг. У гэты час у школе выкладаў настаўнік МАРКЕВІЧ, а з 1914 года яго змяніла ЛАБОЦКАЯ. Фонд бібліятэкі пры вучылішчы налічваў 1479 кніг і 231 навучальных дапаможнікаў.

3 1911 года ў вёсцы пачала дзейнічаць яшчэ адна бібліятэка – для пісьменных сялян, у якой налічвалася 232 кнігі. Кожны год яе наведвалі каля 150 чалавек.

У 1915–1920-я гады звестак пра работу бібліятэкі не захавалася, з-за баявых дзеянняў 1-ай Сусветнай вайны мясцовыя жыхары былі вымушаны з’ехаць у Расію ў бежанства.

У 1930–1940-я гады бібліятэка знаходзілася ў доме сям'і Кастыка, бібліятэкарам у гэты час працавала ЯРЫВАНОВІЧ МАРЫЯ КАНДРАЦЬЕЎНА. Да нашага часу гэты дом не захаваўся.

Новае жыццё Сцяпанкаўскай сельскай бібліятэкі пачалося з 1946 года, калі будынак для хаты-чытальні прывезлі з в.Мажэйкі. Частку дома займаў сельскі Савет, адзін пакой – ФАП, а бібліятэка знаходзілася ў невялічкім пакойчыку. Тут стаяў доўгі самаробны стол, засланы чырвонай тканінай, некалькі крэслаў і 4 шафы, дзе захоўвалася каля 2000 кніжак. Бібліятэкарам у 1946-1949 гады працаваў ТАМАШУК АНДРЭЙ ЗАХАРАВІЧ, які пражываў у в.Алізараў Стаў.

Падчас калектывізацыі бібліятэкар прыймаў удзел у агітацыі насельніцтва наконт карысці калектыўнага вядзення гаспадаркі. Па вечарах у бібліятэцы збіраліся непісьменные жыхары Сцяпанак і навучаліся грамаце. Андрэй Захаравіч праводзіў гутаркі і рыхтаваў выстаўкі аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны.

3 1949 па 1955 гады бібліятэкарам працуе ДЗЕНІСЮК ЛУКА АНДРЫЯНАВІЧ. Жыў ён на хутары каля в.Мажэйкі. Лука Андрыянавіч вярнуўся з вайны інвалідам, але нягледзячы на гэта, ён праводзіў актыўную работу, ва ўсім дапамагаў сельскаму Савету. У гэты час уведзены дабравольны дзяржаўны заём (у людзей бралі грошы, а ўзамен давалі аблігацыі). Гэтым таксама займаўся бібліятэкар.

Фонд бібліятэкі складаў 2595 кніг, 873 часопісы, 20 камплектаў газет за 1952-1954 гады і 10 партрэтаў савецкіх палітычных дзеячаў. Лука Андрыянавіч сабіраў матэрыялы з фотаздымкамі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, афармляў у хаце-чытальні насценгазету.

З 26 лістапада 1955 года па 1956 год загадчыкам Сцяпанкаўскай хатай-чытальняй працавала СТАСЮК ВАЛЯНЦІНА ПЯТРОЎНА, з 1956 года па 1957 год – АРАБЕЙКА ДЗМІТРЫЙ АЛЯКСАНДРАВІЧ. У гэты час бібліятэка атрымлівала часопісы “Огонёк”, “Полымя”, “Молодёжная эстрада”, “Новый мир”.

У ліпені 1957 года ў бібліятэку прыйшла працаваць ПЕЧКА (КІЗЬ) ЯЎГЕНІЯ ІВАНАЎНА. У той час кніжны фонд складаў 2889 экз. кніг, 1120 экз. часопісаў, 11 камплектаў газет за 1955–1956 гг.

Клуба ў вёсцы Сцяпанкі не было, таму моладзь збіралася ў хаце-чытальні. Тут жа праходзілі танцы, бібліятэчныя мерапрыемствы, арганізоўваліся кніжныя выставы, стэнды пра жыццёвы шлях У.I.Леніна.

За 1960-я гады кніжны фонд павялічыўся і налічваў больш за 4300 экз.

У 1960 годзе пабудавана новае памяшканне Сцяпанкаўскага сельскага Савета, куды ў 1965 годзе пераехала бібліятэка, дзе размясцілася ў невялічкім пакоі. У 1973 годзе ўзведзены новы будынак Дома культуры, у якім прадугледжана памяшканне і для бібліятэкі, яна знаходзіцца тут па сёняшні час.

У 1970-я гады бібліятэкар Печка Я.І. актыўна вяла прапаганду палітыкі партыі, папулярызіравала дакументы і матэрыялы з'ездаў і пленумаў КПСС, афармляла баявыя лісткі, рэдагавала калгасную насценгазету. Бібліятэкар удзельнічала ў правядзенні палітзаняткаў, рабіла агляды літаратуры аб гісторыі партыі.

У 1980-м годзе бібліятэку наведвалі 271 чытач, ім выдадзена 5193 экз. дакументаў, наведванняў – 2284 разоў, фонд складаў 12916 экз. кніг, праведзена 45 масавых мерапрыемстваў. Вялася актыўная прапаганда работ марксізма-ленінізма. На гэтую тэму бібліятэкар афармляла стэнды, лозунгі. На фермах калгаса “Світанак” проводзіліся агляды літаратуры “Жывёлагадоўля – важная галіна сельскай гаспадаркі”. У бібліятэцы праходзілі вечары: “Наш калгас – учора і сёння” (сустрэча з першым старшынёй), “Беларусь – ты багацце маё і любоў”, прагляд літаратуры “Сцяг кастрычніка – сцяг міра”, дыспут “Моладзь 80-х у пошуках праўды” і інш.

У 1992-м годзе бібліятэка абслугоўвае 306 чытачоў, фонд налічвае 11739 экз. кніг.

3 цягам часу прыярытэтнымі напрамкамі ў бібліятэчнай рабоце сталі прапаганда літаратуры па сельскай гаспадарцы і беларускай літаратуры. У бібліятэцы створана ЛПГ (літаратурна-прапагандысцкая група), якая выступала з літаратурна-музычнымі кампазіцыямі: “Подзвіг народа бессмяротны!”, “Чалавек. Вайна. Подзвіг”. Праводзілася насычаная масавая работа: Дзень механізатара “Зямлі клапатлівыя рукі”, віктарына “Ці ведаеце вы прыроду і гісторыю Палескага краю?”.

У 1993 годзе Яўгенія Іванаўна пайшла на пенсію, яе змяніла на гэтай пасадзе ЛЕВАНЮК (ЮХІМУК) АЛЕНА ІВАНАЎНА, якая ў 1990 годзе скончыла Мінскі інстытут культуры.

У гэты час шмат увагі ўдзялялася дзіцячаму чытачу. Для іх праводзіліся мерапрыемствы, арганізаваны дзіцячы куток з разнайстайнымі самаробкамі.

У бібліятэцы вялася работа па краязнаўству, якая актывізавалася пасля прыняцця раённай праграмы “Спадчына”. Яна прадугледжвала арганізацыю краязнаўчага кутка ў бібліятэцы, вывучэнне гісторыі края. Алена Іванаўна распачала збор матэрыялаў па тэмам: “Традыцыйныя стравы нашых продкаў”, “Жабінкаўшчына літаратурная”, “Боль і гнеў вёскі Драмлёва”. Ствараецца краязнаўчая картатэка, якая адлюстроўвае матэраялы па краязнаўстве раёна.

3 1996 года на час знаходжання асноўнага работніка ў сацыяльным водпуску па дагляду за дзіцяцем да дасягнення ім узросту 3-х гадоў у бібліятэцы працуе САМАСЮК ІРЫНА МІХАЙЛАЎНА.

Работу сваю яна пачала ў першую чаргу з афармлення бібліятэкі. Ірына Міхайлаўна скончыла Кобрынскае вучылішча мастацкіх народных промыслаў па спецыяльнасці інкрустатар саломкай па дрэве і мела вопыт творчай работы. Спачатку малявала, чым прыцягвала ўвагу дзяцей, пасля з’явіліся пано, самаробкі з шышак, бяросты, апілак, кардона. З цягам часу бібліятэкару сталі дапамагаць чытачы. У бібліятэцы праводзіліся літаратурныя вечары, краязнаўчыя ўрокі, конкурсы чытальнікаў, бібліятэчныя вячоркі. Бібліятэкар старалася ахапіць увагай усе катэгорыі карыстальнікаў: моладзь, дзяцей, сем'і, застарэлых і інвалідаў.

З 1998 года Ірына Міхайлаўна перайшла на пастаянная месца работы ў Сцяпанкаўскую сельскую бібліятэку.

Адным з асноўных напрамкаў у рабоце стала экалагічнае выхаванне. Сам інтэр’ер бібліятэкі спрыяў гэтаму. Таму праз некаторы час, у 2000 годзе, стварыўся экалагічны міні-цэнтр “НАБАТ”, які дапоўніў задумкі бібліятэкара. Так з'явіліся новыя папкі-назапашвальнікі: “3ваны трывогі”, “Чырвоная кніга Жабінкаўшчыны”, экалагічная картатэка. Бібліятэкарка арганізавала аматарскае аб’яднанне “Сонейка”, куды з задавальненнем наведваліся дзеці. Акрамя гутарак, правядзення віктарын, конкурсаў Ірына Міхайлаўна арганізоўвала паходы ў жывую прыроду, дзе з ахвотай збіралі матэрыялы для самаробак, пазнавалі раслінны і жывёльны свет.

Па выніках спаборніцтва на лепшую пастаноўку бібліятэчнага абслугоўвання ў 1999 годзе Сцяпанкаўская сельская бібліятэка займае трэцяе месца, на наступны год – другое.

Таленавітая бібліятэкарка ў 2001 годзе прыняла ўдзел у ІІ Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Экалагічная адукацыя і інфармацыя насельніцтва ў 2000-2001 гг.” і заняла 3-е месца ў Рэспубліцы.

У гэты час чытачамі бібліятэкі з’яўляюцца 325 чалавек, ім выдадзена 6321 экз. дакументаў, наведванні склалі 2693 разы, кніжны фонд – 10382 экз.

З 2003 года аматарскае аб’яднанне “Сонейка” змяніла назву на “Лесавік” і працуе да сённяшняга часу ў экалагічным напрамку. Акрамя традыцыйных пасяджэнняў у практыку ўваходзяць тэатралізаваныя прадстаўленні, якія паказваюць не толькі ў Сцяпанкаўскай сельскай бібліятэцы, але і ў другіх бібліятэках Жабінкаўскага раёна і горада Жабінка.

2004 год стаў для Сцяпанкаўскай сельскай бібліятэкі і яе супрацоўніцы ўрадлівым на ўзнагароды. У раёне прайшоў творчы конкурс “Я жыву на Брэстчыне”, у якім Ірына Міхайлаўна атрымала першае месца, па выніках раённага агляду працы ўстаноў культуры ў 2003 годзе стала першай у намінацыі “Лепшая бібліятэка”, а таксама ўзнагароджана Граматай Брэсцкага абласнога ўпраўлення культуры.

У 2005 годзе адбыўся ІІІ Рэспубліканскі агляд-конкурс “Экалагічная адукацыя і інфармацыя насельніцтва ў 2004-2005 гадах”, на гэты раз Сцяпанкаўская сельская бібліятэка заняла 2-е месца ў намінацыі “Лепшая сельская бібліятэка”.

За час існавання аматарскага аб’яднання “Лесавік” пры Сцяпанкаўскай сельскай бібліятэцы вырасла не адно пакаленне дзяцей, якія звязалі свой лёс з прыродай: інженер-лесапатолаг Надзея Гіско, спецыяліст Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Граб і іншыя.

З 2008 года вёска Сцяпанкі набыла статус аграгарадка. У бібліятэцы праведзены рамонт, закуплена кампьютарная тэхніка, якая выкарыстоўвалася для выканання платных паслуг для насельніцтва і ў паўсядзённай рабоце бібліятэкара. З’явіўся выхад у Інтэрнэт па інтэрнэт-картках, запрацавала электронная пошта. У 2011 годзе Сцяпанкаўская бібліятэка падключана да высокаскараснога інтэрнэту byfly.

Па выніках работы за 2011 год колькасць карыстальнікаў бібліятэкі складала 293 чалавекі, наведванняў – 2215 разоў, ім выдадзена 5003 экз. дакументаў, фонд бібліятэкі налічваў 11524 экз.

Асноўнымі напрамкамі работы бібліятэкі з’яўляюцца экалагічнае выхаванне і краязнаўства.

У 2017 годзе Ірына Міхайлаўна Самасюк прымала на базе сваёй бібліятэкі абласныя курсы павышэння кваліфікацыі, дзялілася вопытам работы з калегамі.

У 2020 годзе Ірына Міхайлаўна брала ўдзел у раённым конкурсе сярод бібліятэкараў сістэмы “Букцюбер-бібліятэкар: мы прачыталі, а вы?”, для якога падрыхтавала два відэаролікі аб кнігах і заняла другое месца. Паўдзельнічала ў паэтычным нон-стопе “О лёс мой, выказацца дай...” да 70-годдзя Алеся Каско. Бібліятэкар сумесна са сваімі актыўнымі чытачамі Таццянай Лабко, Таццянай Кавальчук, Надзеяй Гіско зняла 8 ролікаў, якія можна паглядзець на YouTube-канале Жабінкаўскай ЦБС.

У 2021 годзе аднавіўся кампьютарны парк бібліятэкі.

2022 год – юбілейны для Сцяпанкаўскай сельскай бібліятэкі, яна святкуе сваё 160-годдзе. Да гэтай даты яна прыйшла с наступнымі паказчыкамі: колькасць чытачоў склала 250 чалавек, наведванняў – 2735 разоў, кнігавыдач – 4086 экз., кніжны фонд складае 11285 экз. Аформлены пастаянна дзеючыя выставы: “Наша родная зямліца”, “Мову родную любіце”, “Мая Радзіма – Беларусь”, “Наш цікавы кніжны свет”.

На працягу ўсёй гісторыі Сцяпанкаўскай сельскай бібліятэкі яе супрацоўнікі імкнуцца ісці ў нагу з часам. Яе лёс цесна перамяжоўваецца з лёсам роднай вёскі і яе жыхароў. Таму ніколі не згасне агеньчык у вокнах бібліятэкі, якая з надзеяй глядзіць у будучыню і верыць, што заўсёды будзе цёплым домам для сваіх чытачоў.

Гісторыя бібліятэкі працягваецца і, несумненна, наперадзе новыя значныя дасягненні.