Да 1940-х гадоў у Жабінцы існавала толькі адна прыватная амбулаторыя, у якой працавалі ўрач і два фельчары. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР пры Жабінкаўскім райвыканкаме ў 1940 годзе ўтвораны райздраўаддзел. У гарадскім пасёлку Жабінка Брэсцкай вобласці ў 1940–1941 гадах функцыянавала амбулаторыя, у якой працавалі два ўрачы.
Ужо на другі дзень пасля вызвалення Жабінкі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе адкрылася аптэка, і зноў пачаў дзейнічаць райздраўаддзел, а ў пачатку жніўня для наведвальнікаў расчынілі дзверы зубны кабінет і амбулаторыя, якую ўзначаліла Ксенія Данілаўна Кудзіна.
У першым нумары раённай газеты «Ленинский путь» за 29 кастрычніка 1944 года паведамлялася, што ў прыстасаваным драўляным будынку насупраць сённяшняга ўнівермага па вуліцы Кірава стала функцыянаваць раённая бальніца на 25 ложкаў, сярод іх: хірургічныя, тэрапеўтычныя, дзіцячыя, а ў асобным будынку – інфекцыйныя. На вуліцы Леніна ў амбулаторыі размяшчаліся: жаночая кансультацыя, куды быў асобны ўваход, кабінеты тэрапеўта, хірурга, зубнога ўрача. Стаматолагам працавала Раіса Андрэеўна Васілюк. У прыватным доме на перакрыжаванні вуліц Кірава і Суворава ў адной палавіне знаходзілася аптэка, у другой – радзільнае адзяленне, якое праіснавала тут да 1957 года. Шмат гадоў акушэрам-гінеколагам працаваў Аляксандр Засім. Цяпер на гэтым месцы шматпавярховы дом, які сярод людзей называюць «Тытанікам».
Праз год раённая бальніца пашырылася да 35 ложкаў, пачалі працаваць кабінеты венеролага, псіхіятра і зубапратэзная лабараторыя. Першым галоўным урачом Жабінкаўскай райбальніцы стаў Яфім Самуілавіч Калядка, які разам з жонкай, урачом-педыятрам, пераехаў у Жабінку.
З 10 красавіка 1947 года ў дзіцяча-жаночай кансультацыі ўсім дзецям з трохмесячнага ўзросту пачалі рабіць прышчэпкі супраць воспы. Тады ж у раёне з’явілася першая машына «хуткай дапамогі». Усяго працавалі 7 урачоў і каля 40 медработнікаў сярэдняга звяна.
На рубяжы 1950–1960-х гадоў на Жабінкаўшчыне ўмацоўвалася фтызіятрычная служба, праводзіліся прафілактычныя агляды, укаранялася туберкулінадыягностыка і вакцынацыі. Першай загадчыцай тубкабінета стала Лідзія Аляксандраўна Мухлыніна. У раённай бальніцы функцыянавала аддзяленне дзіцячага туберкулёза на 40 ложкаў. З 1953 года пачаў працаваць рэнтген кабінет.
У 1956 годзе на ахову здароўя было выдзелена больш як 2254 тыс. рублёў, у тым ліку 841 тыс. – на будаўніцтва бальнічнага гарадка, які складаўся з будынкаў райбальніцы і паліклінікі і знаходзіўся ў раёне вёскі Галінова, на ўскраіне гарадскога пасёлка. Восенню 1957 года ўзведзена тыпавая двухпавярховая раённая бальніца на 50 ложкаў па вул. Кірава, тут размясціліся тэрапеўтычнае, хірургічнае, дзіцячае і радзільнае аддзяленні. З 1961 года пачало асвойвацца ЭКГ.
Летам 1966 года медыцынскія работнікі Жабінкаўшчыны адсвяткавалі свае першае прафесійнае свята, ўстаноўленае ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 снежня 1965 года. Да таго часу раённая бальніца пашырылася да 125 ложкаў, дзе функцыянавалі хірургічнае, радзільнае, дзіцячае, тэрапеўтычнае, дзіцячае туберкулёзнае адзяленні, клінічная і бактэрыялагічная лабараторыі, фізіятэрапеўтычны кабінет. У паліклініцы ў той час вялі прыём спецыялісты: тэрапеўты І.Е. Дынкіна і Г.М. Туроўская, фтызіятры В.Ц. Шукайлава і Л.А. Мухлыніна, педыятр М.Е. Сычова, гінеколаг Т.М. Багадзяж, акуліст Т.Г. Карповіч, хірургі М.М. Карповіч і В.І. Самборскі. Шмат гадоў працавалі ў калектыве рэнтгенолаг Мяцішкін Лявонцій Аляксандравіч, зубныя ўрачы Ірына Іосіфаўна Сушынская і Капчук Аляксей Сцяпанавіч, хірург Віктар Мікалаевіч Кунц.
У канцы 1966 года ў раённай бальніцы арганізаваны санітарна-эпідэміялагічны адзел, а ў 1969 годде ён ператвораны ў самастойную санітарна-эпідэміялагічную станцыю.Мяжа 1970–1980-х гадоў стала на Жабінкаўшчыне часам аднаўлення медыцынскіх устаноў. Значны ўклад у гэтым заслужанага работніка аховы здароўя Беларусі В.А. Санюка, які кіраваў раённай бальніцай чвэрць стагоддзя. Найбольш значным дасягненнем гэтага перыяду стала будаўніцтва новага корпуса цэнтральнай раённай бальніцы на 130 ложкаў, пачатае МПМК-10 у 1988 годзе.
У 1991 годзе адбылося адкрыццё новага корпуса бальніцы, у якім размясціліся дзіцячае, хірургічнае, акушэрска-гінекалагічнае, неўралагічнае і стэрылізацыйнае аддзяленні, а таксама клініка-біяхімічная лабараторыя. Значна палепшыліся ўмовы лячэння пацыентаў, працягвала паступаць новае медыцынскае і бытавое абсталяванне, узрасла кваліфікацыя дактароў і медсясцёр. Адкрылася адзяленне рэанімацыі на шэсць ложкаў. Дзякуючы палаце інтэнсіўнай тэрапіі стала магчымым маніторнае назіранне за цяжкімі хворымі. З’явіліся дзве аперацыйныя, аснашчаныя сучасным абсталяваннем.
У 1994 годзе Жабінкоўская раённая бальніца перайменавана ў РТМА – раённае тэрытарыяльнае медыцынскае аб’яднанне. Каля рэгістратуры адкрыўся аптэчны кіёск, які ў 1997 годзе перанесены ў тарэц будынка паліклінікі, дзе ён функцыянуе ў цяперашні час пад назвай Брэсцкае РУП Фармацыя Аптэка № 200.
У 1999 годзе пачаўся капітальны рамонт тэрапеўтычнага аддзялення.Да 2000 году колькасць бальнічных ложкаў вырасла да 206. Набыты фібрагастраскоп, што дало магчымасць праводзіць фібрагастраскапію страўніка. Сярод навінак – манітор з дэфібрылятарам. З яго дапамогай у час аперацыі можна назіраць за работай сэрца. Новай лячэбнай і дыягастычнай апаратурай насышчаны фізіятэрапеўтычны, рэнтгенаўскі кабінеты. На машыне «хуткай дапамогі» ўстаноўлены апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх.
З 2001 года ў бальніцы новая назва – ЛПУ – лячэбна-прафілактычная ўстанова Жабінкаўскага раённага тэрытарыяльнага медыцынскага аб'яднання. У гэтым жа годзе адкрыты дзённы стацыянар на 12 ложкаў, і ў медыцынскай галіне сталі ўводзіцца платныя паслугі.
З 2002 года пры клініка-дыягнастычнай лабараторыі працуе кругласутачная экспрэс-лабараторыя.У 2004 годзе раённая бальніца прапаноўвала 13 відаў платных паслуг: прафілактычныя агляды, медыка-сацыяльная і стаматалагічная дапамога, дыягнастычныя мерапрыемствы, фітатэрапія, масаж і інш.У 2006–2008 гадах правяліся рэканструкцыя і рамонт карпусоў раённай бальніцы.
У кабінет функцыянальнай дыягностыкі, якім доўгі час кіруе Алена Іванаўна Карповіч, у 2008 годдзе набыты велаэргаметр і апарат «Холтэр», які дазваляе праводзіць сутачны маніторынг ціску і частаты сардэчных скарачэнняў. З 2013 года асвойваецца рэограф «Реоспектр». Пацыентам выконваюцца ЭКГ (электракардыяграфія), РВГ (рэавазаграфія – метад дыягностыкі стану сасудаў канечнасцяў), РЭГ (рэаэнцэфалаграфія сасудаў галаўнога мозгу), спіраметрыя – адзін з асноўных метадаў дыягностыкі ў пульманалогіі і тэрапіі для ацэнкі функцыянальнага стану лёгкіх.
Для рэнтгенаўскай службы, якую ўзначальвае Жанна Уладзіміраўна Кузько, у 2009 годзе прыдбаны новы флюараграфічны апарат «Пульмаскан», з дапамогай якога любы ўчастак лёгкага бачны выразна на камп’ютары, паменшылася шкоднае выпраменьванне.
У пачатку 2011 года ў раённай бальніцы ўстаноўлены найноўшы апарат УГД (ультра гукавое даследаванне), які дакладна вызначыць захворванні сардэчна-сасудзістыя, шчытападобнай залозы, унутраных органаў. У гэтым жа годзе за кошт сродкаў, выдзеленых ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод», закуплена новая стаматалагічная ўстаноўка з відэакамерай. Цалкам адрамантаваны і абсталяваны кабінет для пратэзавання, што дазволіла жабінкаўцам рабіць зубы з металакерамікі ў сваім раёне, а не спяшацца па паслугу ў Брэст.
З 2012 года акушэрска-гінекалагічнае аддзяленне перайменавана ў гінекалагічнае аддзяленне з палатамі для цяжарных і парадзіх. 12 снежня гэтага ж года перастала існаваць інфекцыйнае аддзяленне, якое ўваходзіла ў склад тэрапеўтычнага і размяшчалася ў будынку, які пабудаваны, як і галоўны корпус, у 1957 годдзе. Да 1990 года тут у адной палове знаходзіліся дзіцячае туберкулёзнае і інфекцыйнае, а ў другой – 2-ое тэрапеўтычнае і гінекалагічнае аддзяленні бальніцы, у якіх мелася па 10 ложкаў. Узглаўляла інфекцыйнае аддзяленне з 1985 года да часу яго закрыцця Ангеліна Дзмітрыеўна Чарнейка.
У 2013 годзе адрамантавалі дах галоўнага лячэбнага корпуса, хірургію, гінекалогію, дзіцячае аддзяленне, фізіятэрапеўтычны кабінет, прыёмны пакой, дзённы стацыянар. У наступныя гады абнавіўся будынак бухгалтэрыі райбальніцы.
Працягвалася сістэмная работа па закупцы новага медыцынскага абсталявання і планавай замене састарэлага. У 2014 годзе набыты кальпаскоп з праграмным комплексам, біяхімічны аналізатар ІФА (імунаферментны аналіз), з дапамогай якога праводзіцца даследаванні на гармоны. Са студзеня 2015 года ў жаночай кансультацыі функцыянуе новы сучасны фетальны манітор, які выкарыстоўваецца для запісвання сэрцабіцця плода ў цяжарных.
У 2018 годзе закуплены два санітарных аўтамабіля, апараты «Кардиан СДМ» – сістэма працяглага манітарыравання электракардыяграм і артэрыяльнага ціску, дэфібрылятар, каланавідэаскоп, комплекс стаматалагічны «Fona», інгалятар кіслародны, афтальмаскопы і атаскопы для ўрачоў агульнай практыкі, цэнтралізавана атрыманы апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх.
З 2018 года ажыццяўлялася рэканструкцыя будынка, дзе размяшчалася інфекцыйнае аддзяленне, пад міжраённае псіханеўралагічнае аддзяленне на 25 ложкаў для пацыентаў з неўрозамі і функцыянальнымі расстройствамі нервовай сістэмы, якое пачало функцыянаваць з 1 жніўня 2019 года.
У 2019 годзе пачалася рэалізацыя міжнароднага праекта «Для выратавання. Паляпшэнне доступу да медыцынскіх паслуг пры надзвычайных сітуацыях шляхам узаемадзеяння структур хуткай медыцынскай дапамогі на прымежнай тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Украіны», у які трапіў і Жабінкаўскі раён. За кошт сродкаў гуманітарна-тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза будзе набыта пяць санітарных аўтамабіляў, з іх адзін – рэанімабіль, а таксама іншае рэанімацыйнае абсталяванне на суму больш за 20 тысяч еўра.
У цяперашні час цэнтральная раённая бальніца з'яўляецца шматпрофільнай лячэбнай прафілактычнай установай раённага цэнтра, якая забяспечвае кваліфікаваную стацыянарную і паліклінічную медыцынскую дапамогу насельніцтву ўсяго раёна. Штат работнікаў на 01.10.2019 г. складае 480 чалавек: 73 урача, 253 супрацоўніка сярэдняга медыцынскага персаналу, іншых – 154. Сучасная назва – УЗ «Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца» існуе з 2005 года. Бальніца мае тэрапеўтычнае, хірургічнае, неўралагічнае, дзіцячае, гінекалагічнае, рэанімацыйнае адзяленні і дзённы стацыянар. У структуру Жабінкаўскай цэнтральнай раённай паліклінікі ўваходзіць дзіцячая і жаночая кансультацыі, функцыянуюць кабінеты ўрачоў вузкіх спецыялізацый: оталарынтолага, афтальмолага, хірурга, псіхіятра-нарколага, уролага, гінеколага, стаматолага. Працуюць кабінеты ўльтрагукавой і функцыянальнай дыягностыкі, клініка-дыягнастычная лабараторыя.
У фізіятэрапеўтычным аддзяленні, якім кіруе старэйшая медсястра Званкоўская Святлана Аляксандраўна, некалькі кабінетаў, дзе хворым аказваецца электра- , света- і тэрмалячэнне, праводзяцца інгаляцыі і масаж. Добра ведаюць сваю справу медсёстры Наталля Адамаўна Адзінец, Таццяна Львоўна Рамашка, Людміла Мікалаеўна Скамарошка, Наталля Іванаўна Собалева, Алена Іванаўна Чэчэлева, Алена Васільеўна Андрасюк, якія доўгі час працуюць у аддзяленні.
Дзіцячая кансультацыя на 1979 год мела два ўрачэбных участка, якія абслугоўвалі педыятры Еўстратава Галіна Васільеўна і Лаўранюк Наталля Віктараўна. У 1999 годдзе пачалася вакцынацыя дзяцей ад гепатыту Б. У 2000 годзе існавала ўжо 4 педыятрычных участкі. У розныя гады тут працавалі: Суслаў Станіслаў Іванавіч, Папковіч Ларыса Дзмітрыеўна, Дзеружкова Святлана Пятроўна. У цяперашні час педыятрычную дапамогу аказваюць: Лаўранюк Наталля Віктараўна, Ігнацюк Людміла Мікалаеўна, Віткоўская Лілія Васільеўна, Пятручык Анастасія Леанідаўна, Бялых Наталля Мікалаеўна.
Тэрапеўтычнае аддзяленне самае вялікае ў райбальніцы, разлічана на 50 ложкаў. Загадчык аддзялення Віталь Генадзьевіч Вялько. На працягу доўгага часу гэтую пасаду займала Галіна Маркаўна Туроўская.
Хірургічнае аддзяленне разлічана на 25 ложкаў. З 1984 года ўзначальвае аддзяленне Дарагакупец Аляксандр Васільевіч.
Аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі разлічана на 6 ложкаў. Загадчыкам аддзялення з 1994 года з'яўляецца Кузько Алег Яўгенавіч, які змяніў Мікалая Аляксеевіча Шосціка.
Дзіцячае адзяленне працуе з 1956 года, да 1985 года яго ўзначальвала Марыя Яўсееўна Сычова, потым – Валянціна Фёдараўна Дзяшко, у 1986 годзе ёй на змену прыйшоў Віктар Мікалаевіч Чыркун, а з 1995 года па сёняшні дзень пасаду загадчыка аддзялення выконвае ўрач Валянціна Лявонцьеўна Казулька. Першапачаткова дзіцячае аддзяленне было разлічана на 20 ложкаў. З 1991 года, калі адбылося адкрыццё новай бальніцы, яно вырасла да 12 палат з гульнёвымі пакоямі для дзяцей. Доўгія гады ў адзяленне працавалі медсёстры Л.І. Макушык, Н.П. Сняжко, Л.М. Марушчак, М.Л. Селях.
Акушэрска-гінекалагічнае аддзяленне, разлічанае на 15 ложкаў, узнікла пасля адкрыцця новага лячэбнага корпуса. Загадчыцай аддзялення стала Ларыса Аляксандраўна Шмурадка. Да 1991 года самастойнага адзялення не існавала, яно ўваходзіла ў склад тэрапеўтычнага. З 1967 года да 2000 года выконвала абавязкі акушэра-гінеколага Еўдакія Дзмітрыеўна Анціпава, разам з ёй у 1972–2002 гг. працаваў Яўстратаў Веціслаў Сямёнавіч. З 90-х гадоў у адзяленні працуюць Таццяна Уладзіміраўна Глебік і Сяргей Валянцінавіч Замахін, які ў 2010 годзе ўзначаліў акушэрска-гінекалагічную службу. Са снежня 2014 года аддзяленне стала называцца гінекалагічнае з палатамі паталогіі цяжарнасці.
Неўралагічнае аддзяленне разлічана на 25 ложкаў. Загадчык аддзяленя Віталь Генадзьевіч Вялько. Лекары: Саковіч Галіна Іосіфаўна і Шымчук Ганна Анатольеўна.
Клініка-дыягнастычная лабараторыя да 1991 года знаходзілася ў асобным будынку. З 2002 года працуе кругласутачная экспрэс-лабараторыя (Cito). Зараз працуе 12 работнікаў, сярод іх 3 ўрача. Загадчык Малчанава Алена Францыўна, старшы фельчар-лабарант Ірына Мікалаеўна Войцік.
Міжраённае псіханеўралагічнае аддзяленне ўзначальвае Вішнякова Алеся Васільеўна.
У аддзяленні хуткай і неадкладнай дапамогі працуе 9 фельчараў, 9 вадзіцеляў і 4 дыспетчары. Налічваюцца 3 аўтамабіля хуткай медыцынскай дапамогі. Існуюць 3 брыгады: дзве кругласутачныя і адна дзённая. Брыгада «хуткай» складаецца з фельчара і вадзіцеля. Абавязкі старшага фельчара ўскладзены на Мікалая Міхайлавіча Ніканчука.
На 2023 год у цэнтральнай раённай паліклініцы прымаюць урачы:
урачы агульнай практыкі: Місюра Аліна Уладзіміраўна, Печур Вікторыя Міхайлаўна, Лаўрукевіч Вера Іванаўна, Дарагакупец Ганна Мікалаеўна, Арлавец Ніна Анатольеўна, Нічыпарук Кацярына Анатольеўна;
хірургі: Людына Аляксандр Мікалаевіч, Клімаш Аляксандр Генадзевіч, Мароз Яўген Іванавіч;
гінеколагі: Глебік Таццяна Уладзіміраўна, Русак Яўгенія Ігараўна, Замахін Сяргей Валянцінавіч;
неўролагі: Казулька Валянціна Лявонцьеўна;
оталарынголаг: Грынюк Кірыл Ігаравіч;
афтальмолаг: Семянюк Алена Мікалаеўна;
анколаг: Грынюк Кірыл Ігаравіч, Людына Аляксандр Мікалаевіч ;
рэнтгенолагі: Заверуха Дар’я Сяргееўна, Суслаў Дзмітрый Юр'евіч;
загадчык аддзялення прафілактыкі: Кіслюк Наталля Міхайлаўна.
Адміністрацыя:
Арлавец Іосіф Юзэфавіч – галоўны ўрач;
Болдырава Таццяна Георгіеўна – намеснік галоўнага ўрача, старшыня камісіі па МРЭК;
Вялько Віталь Генадзевіч – намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы;
Русак Яўгенія Ігараўна – загадчык паліклінікай;
Спіцына Наталля Мікалаеўна – галоўная медсястра.
Узнагароды Жабінкаўскай раённай бальніцы за высокія дасягненні ў працы:
дыплом пераможцы ў абласным грамадскім аглядзе ўстаноў аховы здароўя (2002);
дыплом I ст. пераможцы спаборніцтва сярод устаноў аховы здароўя Брэсцкай вобласці па выніках працы (2008);
дыплом I ступені за ўдзел у аглядзе-конкурсе паміж адміністрацыйнымі тэрыторыямі за павышэнне якасці медыцынскай дапамогі насельніцтву (2008);
дыплом пераможцы спаборніцтва сярод устаноў аховы здароўя Брэсцкай вобласці па выніках працы (2009);
дыплом I ст. рэспубліканскага агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва сярод цэнтральных раённых бальніц (2009).
У розныя перыяды Жабінкаўскую раённую бальніцу ўзначальвалі:
Калядка Яфім Самуілавіч – 1944–1949 гг. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і пяццю медалямі, граматай Вярхоўнага Савета БССР, удастоены ганаровага звання «Выдатнік аховы здароўя БССР».
Абавязкі падзелены паміж тэрапеўтам Андрэевым Мікалаем і кардыёлагам Карагезавай Ганной Хачатураўнай – 1949–1952 гг.
Сычова Марыя Яўсееўна – 1952–1953 гг.
Знак Аляксандр Пятровіч – 1954–1955 гг.
Шукайлава Вера Цімафееўна – 1956–1966 гг.
Каваленка Уладзімір Мікалаевіч – 1966–1974 гг.
Санюк Віктар Аляксандравіч – намеснік галоўнага ўрача Жабінкаўскага раёна ў 1967–1974 гг., галоўны ўрач Жабінкаўскога раёна ў 1974–2000 гг.
Лаўрукевіч Анатоль Іванавіч – намеснік галоўнага ўрача Жабінкаўскай раённай бальніцы ў 1984–2000 гг., галоўны ўрач Жабінкаўскім РТМА ў 2000 – 2019 гг.
Арлавец Іосіф Юзэфавіч – намеснік галоўнага ўрача Жабінкаўскай раённай бальніцы з 16.01.1990 па 2019 г., галоўны ўрач УЗ «Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца» з 03.01.2020 г.
Бібліяграфія
Бібліяграфія
Жабинковский район : районная больница // Организаторы здравоохранения Республики Беларусь / Белорусская ассоциация социал-гигиенистов и организаторов здравоохранения ; [редакторы-составители М.З. Ивашкевич, А.В. Манулик]. – [Молодечно : Победа], 2002. – С. 155-156, 160. – Содержание : Колядко Ефим Самуилович. Андреев. Сычева Мария Евсеевна. Полевцов Василий Константинович. Шукайлова Вера Тимофеевна. Коваленко Владимир Николаевич. Санюк Виктор Александрович. Лаврукевич Анатолий Иванович.
Больницы // Регионы Белоруси : энциклопедия. В 7 т. Т. 1 : Брестская область. В 2 кн. Кн. 1 / [редкол.: Т.В. Белова (гл. ред.) и др.]. – Минск : Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі, 2009. – С. 113-115.
Памяць : Жабінкаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [уклад. Р.Я. Смірнова]. – Мінск : Ураджай, 1999. – Са зместу : [медыцына]. – С. 162, 196, 366, 396.
Бяляк, С. «Для выратавання» 214 тысяч еўра! : [атрымала Жабінкаўшчына на рэалізацыю міжнароднага праекта] / Святлана Бяляк // Сельская праўда. – 2019. – 6 ліпеня. – С. 2.
Никончук, Д. «Для спасения!» : [семинар по вопросам медицины в рамках трансграничного сотрудничества Польша–Беларусь–Украина, на котором присутствовала делегация от Жабинковского района] / Дарья Никончук // Сельская праўда. – 2019. – 22 мая. – С. 1.
Бензярук, А. Золата высокай пробы : [пра кіраўніка тэрапеўтычнага аддзялення і прафкама медыкаў Жабінкаўскага раёна В.Г. Вялько] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. – 2019. – 2 мая. – С. 2.
Лаврукевич, А.И. В основе обслуживания – доступность, качество и забота о пациенте : [беседа с главным врачом Жабинковской районной больницы А.И. Лаврукевичем] / Анатолий Иванович Лаврукевич ; беседовала Алёна Никончук // Сельская праўда. – 2019. – 24 красавіка. – С. 5.
Хокимова, А. Ускоренная «свертываемость» лаборатории? : жители Жабинки не хотят «оптимизации» ЦРБ / Антонина Хокимова // Вечерний Брест. – 2019. – 1 февраля. – С. 6.
Бензярук, А. Адчувае сэрцам боль чужы : [пра галоўную медсястру райбальніцы Наталлю Мікалаеўну Спіцыну.] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. – 2018. – 7 лютага. – С. 3.
Бяляк, С. Рэгіён, прывабны для жыцця і бізнесу : [падпісанне партнёрскага пагаднення паміж Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцай і Тамашоўскім павятам Рэспублікі Польшча ў рамках праграмы «Польшча – Беларусь – Украіна на 2014-2020 гады»] / Святлана Бяляк // Сельская праўда. – 2018. – 3 кастрычніка. – С. 1, 2.
Маргевіч, Р. Заглянём у мінулае медыцыны горада : [пра мясціны ў г. Жабінка, дзе раней размяшчаліся медыцынскія ўстановы] / Раіса Маргевіч // Сельская праўда. – 2017. – 28 чэрвеня. – С. 4.
Косціна, Л. Сучаснае абсталяванне, своечасовую дыягностыку і якаснае лячэнне прапануюць медыкі : з сесіі раённага Савета дэпутатаў / Людміла Косціна // Сельская праўда. – 2016. – 28 кастрычніка. – С. 4.
Таболіч, С. Майстры сваёй справы: у Брэсцкім абласным аб’яднанні прафсаюзаў уганаравалі пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства «Умельцы Брэстчыны» : [у тым ліку ўрача-тэрапеўта Жабінкаўскай ЦРБ В. Вялько] / Святлана Таболіч // Народная трыбуна. – 2016. – 20 мая. – С. 2.
Аляксейчык, Н. Зусім нястрашны доктар : [пра ўрача-эндаскапіста Андрэя Іванавіча Куноўскага / Наталля Аляксейчык // Сельская праўда. – 2015. – 28 кастрычніка. – С. 5.
Ніканчук, А. З клопатамі пра жанчын : [пра аддзяленне гінекалагічнае з палатамі паталогіі цяжарнасці] / Алёна Ніканчук // Сельская праўда. – 2015. – 19 жніўня. – С. 6.
Бензярук, А. «Жывіце, людзі, доўгі век!» : [пра хірурга Генадзя Мікалаевіча Бондара] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. – 2015. – 20 чэрвеня. – С. 1, 3.
Лаўрукевіч, А.І. УЗ «Жабінкаўская ЦРБ»: аднаўленне працягваецца : [размова з галоўным урачом райбальніцы] / Анатоль Іванавіч Лаўрукевіч ; гутарыў Анатоль Бензярук // Сельская праўда. – 2015. – 28 студзеня. – С. 1, 2.
Алесіч, К. Хірург : [пра хірурга В.М. Кунца] / Кастусь Алесіч // Сельская праўда. – 2014. – 27 верасня. – С. 3.
Бензярук, А. Што радасць медыку прыносіць : [развіццё медыцыны на Жабінкаўшчыне ў 1950–1970 гг.] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. – 2014. – 17 верасня. – С. 4.
Бензярук, А. Ля вытокаў аховы здароўя : [пра першага галоўнага ўрача Жабінкаўскай раённай бальніцы Я.С. Калядка] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. – 2014. – 15 студзеня. – С. 2.
Санюк Віктар Аляксандравіч : [горад развітваецца з урачом] // Сельская праўда. – 2013. – 28 снежня. – С. 7.
Падалінская, Д. «103» спяшаецца на выклік : [пра аддзяленне хуткай дапамогі] / Дар’я Падалінская // Сельская праўда. – 2013. – 17 ліпеня. – С. 3.
Бензярук, А. «Ёсць жаданне – людзям дапамагаць» : [пра хірурга Галіну Мікалаеўну Курак] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. – 2013. – 15 чэрвеня. – С. 1, 2.
Бензярук, А. З «сям’і пад сонцам» : [пра акушэра-гінеколага Вольгу Пятроўну Кустра] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. – 2013. – 30 студзеня. – С. 4.
Бензярук, А. Належны курс у лячэбнага «карабля»! : [пра Жабінкаўскую раённую бальніцу] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. – 2012. – 16 чэрвеня. – С. 2, 3.
Рекуц, С. Диагноз будет точным : [новейший УЗИ-аппарат установлен в районной больнице] / Сергей Рекуц // Заря. – 2011. – 3 февраля. – С. 3.
Мацвіенка, Р. «Залаты» скальпель : [пра загадчыка хірургічнага аддзялення Аляксандра Васільевіча Дарагакупца] / Р. Мацвіенка // Сельская праўда. – 2009. – 20 чэрвеня. – С. 2.
Косціна, Л. Ціхая восень жыцця: [пра былую загадчыцу дзіцячым аддзяленнем раённай бальніцы Марыю Яўсееўну Сычову] / Л. Косціна // Сельская праўда. – 2008. – 1 кастрычніка. – С. 2.
Каско, Л. Кветкі ад пацыента : [пра загадчыцу дзіцячага аддзялення Валянціну Лявонцьеўну Казулька] / Л. Каско // Сельская праўда. – 2006. – 18 студзеня. – С. 2.
Каско, А. Жыццялюбы, або Каманда ў анёльскіх «робах» : [пра тэрапеўтычнае аддзяленне раённай бальніцы] / Алесь Каско // Сельская праўда. – 2005. – 26 кастрычніка. – С. 2.
Лечыць і масаж, і фізкультура : [пра аддзяленне фізіятэрапіі] // Сельская праўда. – 2005. – 15 студзеня. – С. 2.
Лаўрукевіч, А.І. Аб’ём платных паслуг павінен узрасці : [галоўны ўрач лячэбнай установы «Жабінкаўскае РТМА» пра платныя паслугі] / Анатоль Іванавіч Лаўрукевіч ; запісала Л. Косціна // Сельская праўда. – 2004. – 28 лютага. – С. 1, 2.
Каско, Л. Не даць патухнуць жыццю : [пра загадчыка аддзялення інтэсіўнай тэрапіі М.А. Шосціка] / Л. Каско // Сельская праўда. – 2004. – 22 снежня. – С. 3.
Косціна, Л. Давяраюць яе прафесіяналізму : [пра ўчастковага тэрапеўта Н.А. Арлавец] / Л. Косціна // Сельская праўда. – 2004. – 25 лютага. – С. 2.
Каско, Л. Расстанне, якога не будзе : [пра ўрача Г.М. Туроўскую] / Л. Каско // Сельская праўда. – 2003. – 29 лістапада. – С. 2.
Першае месца – нашым медыкам : [па выніках работы за 2002 г.] // Сельская праўда. – 2003. – 15 сакавіка. – С. 1.
Мацвіенка, Р. Верны сябар дзетвары : [пра раённага педыятра С.П. Дзеружкову] / Р. Мацвіенка // Сельская праўда. – 2003. – 1 сакавіка. – С. 1.
Бурак, Г.І. Здароўя людзям і медыцыне : [інтэрв’ю з намеснікам галоўнага ўрача РТМА] / Ганна Ігнацьеўна Бурак ; Л. Каско // Сельская праўда. – 2003. – 29 студзеня. – С. 1, 2.
Журко, С. В «доме печали» – без печали : [о хирургическом отделении] / Светломира Журко // Заря. – 2003. – 16 января. – С. 5.
Лаўрукевіч, А.І. «Зубны боль» стаматалогіі : [інтэрв’ю з галоўным урачом аб стане стаматалагічнай службы ў раёне] / Анатоль Іванавіч Лаўрукевіч ; гутарку правёў Р. Бензярук // Сельская праўда. – 2003. – 15 студзеня. – С. 2.
Лаўрукевіч, А.І. Выяздная калегія рашыла… : [інтэрв’ю галоўнага ўрача РТМА пра выязную калегію ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама] / А.І. Лаўрукевіч ; гутарку правёў Р. Бензярук // Сельская праўда. – 2001. – 7 красавіка. – С. 2.
Бензярук, Р. Цёплы погляд вачэй : [пра загадчыцу неўралагічнага аддзялення Г.І. Саковіч] / Р. Бензярук // Сельская праўда. – 1999. – 11 снежня. – С. 2.
Карповіч, Л. Каб суняць боль : [аб стане медыцынскага абслугоўвання ў раёне] / Л. Карповіч // Сельская праўда. – 1999. – 11 снежня. – С. 2.
Арлавец, І. Святая справа – ахоўваць здароўе людзей : [аб матэрыяльна-тэхнічнай базе] / І. Арлавец // Сельская праўда. – 1999. – 9 чэрвеня. – С. 2.
Казулька Валянціна Лявонцьеўна : [пра загадчыка дзіцячым аддзялення] // Сельская праўда. – 1999. – 9 чэрвеня. – С. 2.
Валеалогія – навука аб здароўі : [аб урачы-валеолагу Уладзіміры Міхайлавічы Фядуры] // Сельская праўда. – 1996. – 24 жніўня. – С. 2.
Бензярук, Р. Вазьму твой боль : [пра загадчыка інфекцыйнага аддзялення Ангеліну Дзмітрыеўну Чарнейка] / Р. Бензярук // Сельская праўда. – 1996. – 15 чэрвеня. – С. 1, 2.
Вішнеўская, С. …І збудзецца вялікае таінства : [пра радзільнае аддзяленне і выконваючую абавязкі раённага акушэра-гінеколага Таццяну Уладзіміраўну Глебік] / С. Вішнеўская // Сельская праўда. – 1996. – 15 чэрвеня. – С. 2.
Чыркун Віктар Мікалаевіч : [горад развітваецца з урачом] // Сельская праўда. – 1996. – 21 лютага. – С. 4.
Суслаў, С.І. Пасля нас хоць… яма, дэмаграфічная : [гутарка з намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Станіславам Іванавічам Суславым] / С.І. Суслаў ; гутарыла А. Хакімава // Сельская праўда. – 1996. – 10 лютага. – С.1.
Лаўрукевіч, А. У новым корпусе бальніцы / А. Лаўрукевіч // Сельская праўда. – 1992. – 20 чэрвеня. – С. 2.
Чыркун, А. Комплекс здароўя чакае пацыентаў : [аб адкрыцці новага корпуса райбальніцы] / А. Чыркун, Л. Каско // Сельская праўда. – 1991. – 30 сакавіка. – С. 1, 3.
Сусиков, П. Клинический городок : [закончено строительство нового лечебного корпуса Жабинковской районной больницы] / П. Сусиков // Заря. – 1991. – 27 марта. – С. 1.
Бензярук, Р. Дзеля здароўя людзей : [пра медыцынскіх работнікаў райбальніцы] / Р. Бензярук // Сельская праўда. – 1989. – 17 чэрвеня. – С. 2.
Бензярук, Р. Добрае сэрца ўрача : [аб урачы Г.У. Паплінскім] / Р. Бензярук // Сельская праўда. – 1982. – 6 сакавіка. – С. 3.
Смотрите нас на YouTube
Ленинская сельская библиотека
Ракитницкая сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Жабинковская детская библиотека
Жабинковская районная библиотека
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Центральная районная библиотека
Жабинка читающая
Читайте нас в Telegram