ДУА «Жабінкаўская дзіцячая школа мастацтваў» (музычная школа)

15 жніўня 1967 года на базе музычнай студыі, якая існавала пры раённым Доме культуры, была створана дзіцячая музычная школа, будынак якой знаходзіўся ў пасёлку цукровага завода. 1 верасня гэтага ж года яна прыняла сваіх першых вучняў. У той час у школе працавала 6 выкладчыкаў: Вячаслаў Мікалаевіч Чырко, Іван Ісакавіч Пішчук, Яўгенія Іванаўна Качко, Таццяна В. Толак, Аляксандр Сцяпанавіч Леванюк і Віталь Іванавіч Белевец. Першым дырэктарам стаў В.М. Чырко.

Дзеці вучыліся іграць на чатырох музычных інструментах: баяне, акардэоне, фартэпіяна і кларнеце. 3 вучнёўскіх калектываў дзейнічаў дзіцячы хор. Першы выпуск адбыўся ў 1969 годзе, музычную адукацыю атрымалі 4 вучні, а ў 1972 годзе – ужо 8 чалавек.

У другой палове 70-х гадоў у школе працавала 3 аддзяленні: духавое, народных інструментаў і фартэпіяннае. У 1976 годзе адкрыўся клас домры. Школу наведвала ўжо 142 навучэнцы не толькі г. Жабінка, але і бліжэйшых вёсак.

У 1979 годзе ў горадзе быў здадзены ў эксплуатацыю новы будынак раённага Дома культуры, а ў былы па вул. Шасэйная, д. 5 у снежні 1981 года пасля рамонту і перабудовы пераехала музычная школа. З верасня таго ж года дырэктарам становіцца Аляксандр Сцяпанавіч Леванюк, які працаваў на гэтай пасадзе 22 гады.

 Паступова паляпшалася матэрыяльна-тэхнічная база школы, набываліся новыя музычныя інструменты, павялічваўся штат педагогаў, ствараліся аркестравыя дзіцячыя калектывы, узрастала колькасць выпускнікоў, якія паступалі ў музычныя вучылішчы.

У 1982 годзе ўпершыню адбыўся выпуск навучэнцаў па класе цымбалаў, майстэрствам ігры на інструменце авалодала пяцёра вучняў.

З 1986 года музычня школа займала тры будынкі, два з якіх ўласныя, адзін – арэндны. У асноўным будынку (памяшканне былога раённага Дома культуры) размяшчалася 13 класаў, актавая зала, бібліятэка. Другі будынак – былая кантора “РПА ЖКГ” (пазней “Архітэктуры”), знаходзіўся побач з асноўным на вул. Шасэйная, трэці будынак так і заставаўся ў пасёлку цукровага завода (арэнднае памяшканне).

У 1997/98 навучальным годзе на 10-ці музычных інструментах займаліся 213 вучняў. Заняткі вялі 24 выкладчыкі, сярод іх А.С. Муха, І.М. Дашкевіч, Ж.А. Субцельнік, С.В. Сімайніна, В.А. Абрамчук, А.Я. Пракапюк, Т.М. Янчук і А.І. Аўсяец – выпускнікі школы. У гэты перыяд у школе працуюць наступныя дзіцячыя творчыя калектывы: аркестры – цымбальны, народных інструментаў і духавы, а таксама хор і фальклорны вакальны ансамбль. 3 педагагічных калектываў – аркестр народных інструментаў і ансамбль народнай музыкі.

У 1997 годзе музычная школа святочна адзначыла сваё 30-годдзе, у сувязі з гэтай падзеяй мясцовым кіраўніцтвам быў падораны тульскі баян. За 30 гадоў школу закончылі 520 вучняў.

У 2004 годзе дырэктарам музычнай школы назначаны Мікалай Рыгоравіч Ляшкевіч.

Многія з падрастаючага пакалення жабінкаўцаў імкнуліся займацца маляваннем, танцамі. Для развіцця новых творчых здольнасцяў на базе музычнай школы ствараецца школа мастацтваў.

5 лютага 2005 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Жабінкаўскай школы мастацтваў, якая размясцілася ў будынку былога дзіцячага садка «Званочак» па вул. Карла Маркса, д.2, рэканструкцыя якога вялася з 1997 года. З набыццём новага статусу ў школе ў 2005 годзе адкрылася харэаграфічнае аддзяленне, а ў 2006 годзе – мастацкае (выяўленчае мастацтва і графіка). Таксама з 2006 года пачаліся заняткі па класу віяланчэлі.

У 2007 годзе школа мастацтваў адзначыла сваё 40-годдзе. На гэты час у ёй займаліся 285 вучняў па 11 спецыяльнасцях, з імі працавалі 37 педагогаў. За перыяд з 1967 года пасведчанне аб заканчэнні школы атрымалі 749 выпускнікоў.

З 2009 года кiраўнiком музычнай школы становіцца Разумоўская Ірына Мікалаеўна.

8 кастрычніка 2010 года школа мастацтваў рэарганізавана ў Дзяржаўную ўстанову адукацыі “Жабінкаўская дзіцячая школа мастацтваў”.

З 25 студзеня 2013 года па 30 чэрвеня 2021 года на пасадзе дырэктара працавала Людміла Васільеўна Калбаска.

У юбілейны 2017 год у Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў займаліся 320 вучняў, за 50 гадоў школу скончылі 1181 чалавек.

Навучанне ў школе мастацтваў праводзіцца па трох накірунках: музычнае, харэаграфічнае, выяўленчае. З ліку педагогаў і навучэнцаў створана 19 творчых калектываў, два з якіх носяць званне ўзорны і народны: узорны аркестр народных інструментаў (кіраўнік Грэцкая Н.М.), народны аркестр народных інструментаў настаўнікаў ДУА “Жабінкаўская ДШМ” (кіраўнік Зотава С.І.), ансамбль цымбалістаў “Вясёлы настрой” (кіраўнік Жываева Н.Р.), вакальны ансамбль “Натхненне” (кіраўнік Пакроўская Н.В.), інструментальны ансамбль “Тоніка” (кіраўнік Грэцкая Н.М.), эстрадна-духавы ансамбль “Альтера” (кіраўнікі Палулех В.К. і Трацюк А.А.), вакальна-інструментальны ансамбль “В&G’s” (кіраўнік Зотава С.І.), інструментальны ансамбль “Con moto” (кіраўнік Грэцкая Н.М.), харэаграфічны ансамбль “Фантазія” (кіраўнік Паўлава І.А.), харэаграфічны ансамбль “М&М’s” (кіраўнік Калюшык А.А.). Калектывы карыстаюцца вялікім поспехам у гледачоў, многія з іх з’яўляюцца лаўрэатамі розных конкурсаў і фестываляў, у тым ліку рэспубліканскіх і міжнародных.

У маі 2017 года ў Жабінкаўскім ГДК прайшоў справаздачны канцэрт дзіцячай школы мастацтваў, прысвечаны 50-годдзю з дня заснавання. Выступленне навучэнцаў яшчэ раз падкрэсліла, якія зорачкі загараюцца на музычным небасхіле школы мастацтваў.

У жніўні 2021 года дырэктарам ДУА "Жабінкаўская дзіцячая школа мастацтваў" назначаны Сяргей Аляксандравіч Мамацюк.

З 3 жніўня 2022 года кіраўніком школы стала Вольга Анатольеўна Абрамчук.

У цяперашні час дзіцячая школа мастацтваў працягвае з'яўляцца цэнтрам культурнага жыцця горада і раёна