Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы (г. Жабінка)
Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы (г. Жабінка)

14 лістапада 2025 года – 140 гадоў з дня асвячэння Свята-Пакроўскай царквы ў горадзе Жабінка (1885), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь

Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы размешчаны ў заходняй частцы горада Жабінка, у прыгожым месцы недалёка ад вадасховішча Візжар. Узведзены ён у 1885 годзе і з’яўляецца прыкладам класічнага беларускага драўлянага праваслаўнага дойлідства XIX стагоддзя.

Гісторыя Свята-Пакроўскай царквы сыходзіць каранямі ў глыбокае мінулае і звязана з прозвішчам старажытнага дваранскага роду Непакойчыцкіх, у валоданні якіх як частка радавога гнязда знаходзілася паселішча Мышчыцы, дзе размяшчалася царква. Першая згадка пра яе адносіцца да XVI стагоддзя, калі царква была вядомая пад назвай Непакойчыцкай або Мышчыцкай.

Імёны святароў, якія служылі ў храме ў тыя часы, у архіўных матэрыялах сустракаюцца не часта, але дакументы сведчаць, што ў XVI-XVIII стагоддзях у Мышчыцкай (Непакойчыцкай) царкве служылі: Дзям’ян (Даміян) Васілевіч (1577), Мікалай Беркусовіч (1676), іерей Томаш (Фама) Сідароўскі (ХVІІІ cт.), іерей Якуб (Іакаў) Асінскі (1724), Іаан Міжеўскі (1849–1865).

За доўгі свой век храм паступова прыходзіў у заняпад, яго стары драўляны будынак разбураўся. Гэты факт у 1874 годзе засведчыла камісія Чаравачыцкага благачыння, у склад якога ўваходзіў храм у той час. Работы па будаўніцтве новай царквы ў вёсцы Мышчыцы пачаліся 20 красавіка 1884 года пад наглядам архітэктара Херсонскага і працягваліся паўтара года. 1 лістапада (14 па нов. стылю) 1885 года звонкае гучанне званоў храма апавясціла мясцовых жыхароў аб яго асвячэнні, якое здзейсніў чаравачыцкі дабрачынны Павел Міхалоўскі «ў саслужэнні 8 і ў садзейнічанні ў хрэсным ходзе 15 свяшчэннікаў і дыякана». К часу асвячэння Мышчыцкага храма паступілі на яго патрэбы грашовыя і рэчавыя прынашэнні: іконы, харугвы, лампадкі і іншае. У 1893 годзе селянін вёскі Абрамавічы Павел Раманавіч Муха, царкоўны стараста Мышчыцкай Пакроўскай царквы, падараваў храму звон у 40 пудоў.

Святар Андрэй Міжэўскі з’яўляўся ўдзельнікам будаўніцтва новага храма і служыў у ім да свайго сыходу ў іншы свет. Айцец Андрэй клапаціўся аб адукацыі сваіх вернікаў, працаваў законавучыцелем пры народным вучылішчы, рупіўся на пасадзе бібліятэкара, дэпутата следчых спраў па Чаравачыцкаму благачынню. Паляпшаў гаспадарчае дабраўпарадкаванне прычта: пабудаваў новы дом і падтрымваў парадак на тэрыторыі царквы. Дзякуючы свяшчэнніку Міжэўскаму пры царкве пачаў дзейнічаць царкоўны хор. У 1876 годзе святар Андрэй Міжэўскі ўзнагароджаны набедранікам, у 1881 годзе – скуф’ею, у 1889 годзе – камілаўкай. 26 студзеня 1893 года айцец Андрэй раптоўна памёр на 52 годзе жыцця, прах яго пахаваны на тэрыторыі царквы. Новым настаяцелем Мышчыцкай царквы стаў святар Віктар Ральцэвіч.

У чэрвені 1893 года ў Мышчыцкую царкву наведаўся архіепіскап Літоўскі і Віленскі Данат (у міру Мікалай Ілліч Бабінскі-Сакалоў). У гэты ж дзень Павел Муха падараваў Пакроўскай царкве дзве іконы – Спасіцеля і Божай Маці ў мядзяных пазалочаных рызах і два падсвечнікі да іх.

Магістр багаслоўя святар Мікалай Ізвекаў у 1893 годзе склаў статыстычнае апісанне прыходаў, з якого вядома, што Мышчыцкая царква багатая начыннем, валодае 94,5 десяцінамі зямлі. Для свяшчэнніка пабудавана хата. Ёсць прыпісная Ільінская царква ў Саках. Прыход складаецца з 309 двароў, прыхаджан – 2535 чалавек. У 1899 годзе ўжо існуюць царкоўна-прыходскае папячыцельства, царкоўная школа ў Саках і народнае вучылішча ў Мышчыцах. У гэтым жа годзе за руплівую службу на пасадзе законавучыцеля народнага вучылішча айцец Віктар узнагароджаны скуф’ёю.

У маі 1904 года настаяцелем Мышчыцкай царквы стаў Іпаліт Гамаліцкі, праз год, у лістападзе 1905 года, у Пакроўскую царкву перамешчаны Іаан Краскоўскі, які служыў тут да Першай сусветнай вайны.

З самага пачатку царква ў вёсцы Мышчыцы існавала на ахвяраванні дабрачынцаў. Гэта былі не толькі грошы, але і прадметы царкоўнага ўжытку, кнігі. Нярэдка дабрачыннасць мела форму бязвыплатнай працы на будаўнічых работах пры храме. Архіўныя матэрыялы сведчаць, што ў 1902 і 1908 гадах ажыццяўляліся капітальныя рамонты царквы. Таксама захаваліся імёны самых заўзятых дабрачынцаў – селяніна вёскі Абрамавічы Паўла Мухі, адстаўнога жандарскага унтэр-афіцэра Яўстафія Глебіка, начальніка дэпо Жабінка Палескіх чыгунак Канстанціна Говарава, жыхаркі Масквы Кацярыны Малышавай, селяніна вёскі Сцяброва Кандрата Андрасюка.

Падзеі Першай сусветнай вайны спынілі мірнае жыццё. Па загадзе ваенных уладаў была праведзена перапіс царкоўнага начыння і масавая эвакуацыя маёмасці цэркваў у Цэнтральную Расію. Звесткі аб месцазнаходжанні рэчаў Мышчыцкай царквы не знойдзены. Падчас акупацыі Жабінкі немцы выкарыстоўвалі царкоўную званіцу як наглядальны пункт. У перыяд 1915–1918 гадоў святароў не было, і набажэнствы ў Св.Пакроўскай царкве не праводзіліся, калі яны аднавіліся невядома.

Звесткі аб святарах храма пасля Першай сусветнай вайны мізэрныя. Вядомыя наступныя імёны святароў Мышчыцкай Пакроўскай царквы ў перыяд 1918–1924 гадоў: іерэй Іуліян, іерэй Георгій Бандарук. У кастрычніку 1921 года святар Мышчыцкай царквы Георгій Бандарук прысутнічаў пры абранні старасты Здзітаўскай царквы. У 1924 годзе настаяцель Рэчыцкай Свята-Успенскай царквы Пружанскага павета Гаўрыіл Хведасюк і настаяцель Мышчыцкай Свята-Пакроўскай царквы Кобрынскага павета Георгій Бандарук просяць дазволу памяняцца прыходамі. Цыркулярным лістом благачыннага 2-й Кобрынскай акругі Іаана Міхалоўскага ад 15.02.1925 года дадзена ўказанне настаяцелю Здзітаўскага прыхода Даніілу Сегеню прыняць Мышчыцкі прыход ад Хведасюка. Пазней, у гэтым жа годзе, на прыход прызначаны іерэй Стэфан Шамардзін. Разам з іерэем Стефанам у гэты час у Пакроўскай царкве служыў дыяканам Лука Курыловіч, які стаў делегатам першага брэсцкага з’езда рэгентаў 1927 года. У 1926–1927 гадах айцец Стэфан сумяшчае службу ў Здзітаўскай Мікіцкай царкве (у цяперашні час у межах горада Жабінка).

З 1930 па 1933 гады прыходскім свяшчэннікам Мышчыцкай Пакроўскай царквы з’яўляецца іерэй Іаан Чувардзінскі.

У наступны год святары часта мяняліся. Сваё святарскае служэнне ў храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў 1933 годзе здзяйснялі іерэі: Лука Курыловіч, Уладзімір Любіч, Леанід Дружылоўскі, Цімафей Дзюкаў.

У пачатку 1934 года настаяцелем Пакроўскай царквы назначаны Уладзімір Філосафаў, які дагэтуль служыў у Свята-Мікалаеўскім храме вёскі Вяжное (у цяперашні час – Пружанскі раён). Вядома, што айцец Уладзімір у 1935 годзе на свята Пасхі ўзнагароджаны залатым наперсным крыжом і прэміяй у 20 злотых. У гэтым жа годзе на свята Узнясення Гасподняга ён саарганізаваў хрэсны ход у Свята-Успенскую Пачаеўскую Лаўру. Айцец Уладзімір праславіўся на ніве духоўнай паэзіі, боль і перажыванне за становішча цэркваў ён выказваў у сваіх творах:

Под купалом неба лазурно-глубоким,
На холмике храм деревянный стоит.
Не крашен. Не блещит. Как страж одинокий
Печально крестами он в небо глядит.
Давно в нём не слышно святых песнопений,
К нему не стремится людская волна.
Развеялся запах кадильных курений,
Раздумья и грусти полна тишина.

Свой літаратурны дар свяшчэннік выкарыстоўваў і для напісання акафістаў.

У кліравай ведамасці за 1935 год паказана, што на гэты час у прыходзе працавалі чатыры школы – сямікласная ў Жабінцы, другакласная ў Сакалове і дзве аднакласныя ў Сцяброве і Саках.

З 1 лютага 1939 года Уладзімір Філосафаў пераведзены на прыход Свята-Сімяонаўскага храма ў Камянцы, яго змяніў свяшчэннік Пётр Трафімавіч Котар. На жаль, афіцыйных звестак пра гісторыю Пакроўскага храма ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны вельмі мала. Вядома, што 6 кастрычніка 1942 года створана Жабінкаўская благачынная акруга, благачынным прызначаны настаяцель Мышчыцкай Св.Пакроўскай царквы протаіерэй Пётр Котар. За сваё жыццё ён узнагароджаны: скуф’ею ў 1905 годзе, набедранікам у 1910 годзе, камілаўкай у 1917 годзе, залатым наперсным крыжом у 1921 годзе. У 1925 годзе ўзведзены ў сан протаіерэя, у 1944 годзе – у сан мітрафорнага протаіерэя. Айцец Пётр ад прац сваіх на карысць царквы і ў Славу Божую спачыў 19 красавіка 1948 года, на прыход храма Пакрова Прасвятой Барагодзіцы зацверджаны ягоны сын Уладзімір Пятровіч Котар.

Айцец Уладзімір у свой час скончыў Брэсцкую рускую гімназію. З 1937 па 1939 гады займаўся на багаслоўскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам у пачатковай школе ў Брэсце, а ў 1941–1945 гадах настаўнічаў у Жабінцы.

У 1945 годзе ён пасвечаны ў дыяканы і ў гэтым жа годзе – ў іерэі. Служыў у вёсцы Вежкі Жабінкаўскага раёна, дзе аднавіў згарэлую падчас вайны царкву. У 1954 годзе паступіў у Ленінградскую духоўную акадэмію на завочнае аддзяленне, у 1955–1957 гадах выконваў абавязкі благачыннага Жабінкаўскай акругі. В.П. Котар узнагароджаны ўсімі царкоўнымі ўзнагародамі.

У лютым 1958 года на прыход храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы прызначаны Мікалай Чаркасевіч, які нарадзіўся ў 1924 годзе ў Кобрыне Брэсцкага павета. У Св.Пакроўскім храме ён праслужыў больш за 37 гадоў. Узведзены ў сан протаіерэя ў 1966 годзе і ў гэты ж час ўзначаліў Жабінкаўскае благачынне. У 1985 годзе ўзведзены ў сан мітрафорнага протаіерэя. На яго служэнне прыпаў самы пік агрэсіўнага атэізму. З 1960 па 1969 гады ў Жабінкаўскім благачынні былі зачыненыя тры царквы. Адна з іх, святога прарока Іллі ў вёсцы Сакі, з’яўлялася прыпісной да Мышчыцкай царквы.  Існавала пагроза закрыцця Свята-Пакроўскага храма.

Паступова «станцыйны пункт» Жабінка разрастаўся ў пасёлак, тэрытарыяльна паглынаючы невялікія навакольныя вёсачкі. У сярэдзіне 70-х гадоў ХХ стагоддзя Мышчыцы-Пакроўскія ўвайшлі ў склад горада Жабінка, але назва «Мышчыцкая царква» засталася ў мясцовых жыхароў.

14 кастрычніка 1985 года Пакроўскі храм наведаў Высокапраасвяшчэняйшы Філарэт, Мітрапаліт Мінскі і Беларускі, які здейсніў Боскую літургію з нагоды 100-годдзя з дня яго асвяшчэння. Падчас урачыстасцяў протаіерэй Мікалай Чаркасевіч узнагароджаны правам нашэння мітры. Айцец Мікалай раптоўна памёр 15 снежня 1995 года. Пахаваны на царкоўным цвінтары.

13 лютага 1996 года настаяцелем Свята-Пакроўскага храма ў Жабінцы і благачынным акругі прызначаецца святар Стэфан Гапанюк. З 2003 года пры царкве працуе нядзельная школа, а ў 2004 годзе арганізавана сястрычаства «У гонар іконы Пакрова Прасвятой Багародзіцы». У 2006 годзе свяшчэннік Стэфан Гапанюк пераведзены на прыход храма Святога Мікіты ў вёсцы Здзітава Жабінкаўскага раёна (цяпер Жабінка).

У ліпені гэтага ж года на пасаду настаяцеля храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы прызначаецца святар Сергій Петрусевіч. У 2007 годзе намаганнямі новага настаяцеля пры храме пачало існаваць моладзевае брацтва ў гонар свяціцеля Кірыла Тураўскага. У гэтым жа годзе створаны клірасны хор пад кіраўніцтвам рэгента Алены Уладзіміраўны Петрусевіч.

У 2009 годзе айцец Сергій пачаў супрацоўніцтва з дзіцячай бібліятэкай, вынікам якога стала арганізаваная пры ёй школа праваслаўя «За парадай да бацюшкі» пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Жабінкаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Галіны Хандрыка. У 2007 годзе айцец Сергій ініцыяваў будаванне новай царквы ў вёсцы Сакі, якая была разбурана ў 1960 годзе, і з 2007 па 2012 год прыход прымаў актыўны ўдзел ва ўзвядзенні храма ў гонар прарока Іллі. Адначасова настаяцель прыхода Сергій Петрусевіч клапоціцца пра прыгажосць прыходскага храма. Штогод праводзяцца касметычныя рамонты, добраўпарадкоўваецца царкоўная тэрыторыя, унутры царквы выканана абліцоўванне сцен шалёўкай, праведзена замена вокнаў, сістэмы ацяплення і падведзены прыродны газ.

С 2012 года айцец Сергій узначаліў Жабінкаўскае благачынне. У сувязі з расшырэннем дзейнасці Свята-Пакроўскай царквы ў розных сферах грамадскага жыцця і з будаўніцтвам новага храма у гонар Свяціцеля Кірылы Тураўскага ў 2012 годзе ў прыход назначаецца яшчэ адзін свяшчэннік – клірык Андрэй Петрусевіч.

У 2013 годзе арганізаваны моладзевы хор «Пакроў», рэгентам якога працуе Наталля Уладзіміраўна Маркоўская. З 2013 года адкрыты прыхадскі сайт http://pokrov-church.by. У 2014 годзе пад куратарствам клірыка Свята-Пакроўскага храма святара Андрэя Петрусевіча пры Цукровазавадской гарадской бібліятэцы пачаў працаваць клуб праваслаўных зносін «Вера і Жыццё».

У лістападзе 2015 года Пакроўская царква шырока адсвяткавала свой 130-гадовы юбілей. На ўрачыстаць прыехаў Праасвяшчэнны Іаан, епіскап Брэсцкі і Кобрынскі. Па ініцыятыве настаяцеля храма 4 верасня 2016 года створаны юнацкі клуб у гонар прападобнапакутніка Афанасія, ігумена Брэсцкага. 14 ліпеня 2018 года протаіерэй Сергій Петрусевіч прызначаецца на пасаду сакратара Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення.

З 1 снежня 2018 года клірыкам храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы служыць свяшчэннік Максім Воўк. З 2019 года ён каардынуе дзейнасць клуба праваслаўных зносін «Вера і Жыццё» пры Цукровазавадской гарадской бібліятэцы. У кастрычніку 2020 года ў прыходзе арганізаваны дзіцячы хор з ліку выхаванцаў нядзельнай школы.

14 лістапада 2020 года храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы наведаў Высокапраасвяшчэннейшы Іаан Архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі і здзейсніў Боскую літургію з нагоды 135-годдзя царквы. 21 лістапада 2021 года ўстаноўлена мемарыяльная дошка з надпісам: «В сем храме 14 октября 1985 года совершил Божественную литургию Высокопреосвященнейший Филарет (Вахромеев) Митрополит Минский и Белорусский в год 100-летия со дня его освящения».

Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы з’яўляецца помнікам архітэктуры эклектыкі з выкарыстаннем утрыраваных форм класіцызму і рэтраспектыўна-рускага стылю. Храм пабудаваны з драўлянага бруса на мураваным цокалі, звонку ашаляваны дошкамі. Ён манументальны і даволі высокі, але кампактны па сваіх прапорцыях, вылучаюцца ў ім званіца і купал. Складаецца з прытвора з тамбурам, бабінца (прытвора), асноўнага зруба, пяцістеннай апсіды з бакавымі рызніцамі. Уваходы ў храм – з трох бакоў праз невялікія тамбуры, аформленыя ў выглядзе порцікаў з трохкутнымі франтонамі.

Асноўны аб’ём храма прамавугольны ў плане, накрыты чатырохсхільным дахам, у цэнтры яго – невысокі паўсферычны купал на васьмігранным светлавым барабане, у якім праз адну грань прарэзаны прамавугольныя вокны. Апсіда накрыта трохсхільным дахам, а рызніцы – аднасхільным. Рызніцы маюць па аднаму акну. Па баках асноўнага аб’ёму храма прыбудаваны два бабінцы, праз якія ажыццяўляюцца бакавыя ўваходы ў царкву. Па кожнай бакавой сцяне прарэзаны па два высокіх аконных праёмы з арачнымі завершаннямі.

Заходняя частка храма складаецца з двух аб’ёмаў: шырокага прытвора, у інтэр’еры якого знаходзіцца два службовых памяшкання, і тамбура, завершаннага трохвугольным франтонам, які абапіраецца на пілястры. У адным службовым памяшканні знаходіцца ўваход на званіцу, куды вядзе драўляная лесвіца. У цэнтры прытвора – высокі дзвярны праём з паўцыркулярным завершаннем, ён служыць галоўным уваходам у храм.

Бабінец з’яўляецца асновай двух’яруснай васьміграннай вежы-званіцы, у якой шырокія грані чаргуюцца з вузкімі і маюць арачныя праёмы, і завяршаецца васьмігранным купалам з макаўкай.

У вонкавым аздабленні фасадаў шырока выкарыстаны накладны разьбяны драўляны дэкор і гарызантальная ашалёўка, якая нагадвае рустоўку. Кожная дэталь Пакроўскай царквы ўвасабляе веліч і багацце праваслаўнай культуры.

Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Прастольнае свята храма – 14 кастрычніка, калі адзначаецца свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Саборнае богаслужэнне – 14 лістапада, у дзень памяці святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна.

У цяперашні час прыход жыве насычаным богаслужбовым жыццём, у храме працягваюцца традыцыі асветы і дабрачыннасці, закладзеныя яшчэ ў XIX стагоддзі. Царкоўны карабель працягвае сваё шэсце ў гісторыі Жабінкі, нясучы людзям святло Хрыста.

НАСТАЯЦЕЛЯМІ ХРАМА СЛУЖЫЛІ

Даміян (Дзям’ян) Васілевіч — 1577 г.

Мікалай Беркусовіч — 1676 г.

Томаш (Фама) Сідароўскі — ?

Якуб (Іакаў) Асінскі — 1724 г.

Іаан Міжеўскі —1849–1865 гг.

Андрэй Міжэўскі — 1865–1893 гг.

Віктар Ральцэвіч — 1893–1904 гг.

Іпаліт Гамаліцкі — 1904–1905 гг.

Іаан Краскоўскі — 1905–1915 гг.

Георгій Бандарук — 1921–1924 гг.

Стэфан Шамардзін — 1925–1928 гг.

Іаан Чувардзінскі — 1930–1933 гг.

Уладзімір Філосафаў — 1934–1939 гг.

Пётр Котар — 1939–1948 гг.

Уладзімір Котар — 1948–1958 гг.

Мікалай Чаркасевіч —1958–1995 гг.

Стэфан Гапанюк — 1996–2006 гг.

Сергій Петрусевіч — 2006–па ц/ч