Свята-Мікітаўская царква размешчана на правым беразе ракі Мухавец у вёсцы Здзітава Жабінкаўскага раёна, якая ў снежні 2017 года далучана да горада Жабінка.
Свята-Мікітаўская царква з’яўляецца найбольш значным старажытным помнікам драўлянага дойлідства Беларускага Палесся. Нягледзячы на сваю пяцівекавую гісторыю, асаблівым архітэктурным зменам не падвяргалася. Капітальны рамонт у 1787 г., наступны рамонт у 1830 г., падчас якога ў інтэр’еры царквы з’явіўся іканастас, і бягучы рамонт у 1929 г. не парушылі прыгажосці царквы. Яна застаецца архітэктурным помнікам і культурна-гістарычнай каштоўнасцю Беларусі і прэтэндуе на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Вытокі храма звязаны з імем Івана Мікітавіча Гурына. Яго бацька Мікіта спраўна служыў каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Аляксандру Ягелончыку і атрымаў ад гаспадара вёску Здзітава з наваколлямі за вайскавыя заслугі. Сын у памяць бацькі і ў гонар яго нябеснага заступніка, велікамучаніка Мікіты, у 1502 годзе пабудаваў царкву і прызначыў на службу святара Саву. Да храма далучыў найлепшы надзел ворнай зямлі ў вечнае карыстанне. Запіс аб гэтым створана ў Берасцейскім замку 15 студзеня 1502 года.
Здзітаўскі храм адлюстроўвае класічны прыклад бескупальных трохзрубных пабудоў прадольна-восевай кампазіцыі, у якіх розныя па прапорцыях прамавугольныя ў плане зрубы гарманічна яднаюцца агульным высокім пакрыццём з трохвугольнымі застрэшкамі ў месцах злучэння зрубаў. Царква Святога Мікіты мае невыразны крыжападобны план, утвораны размешчанымі на адной восі галоўным зрубам з далучанымі да яго меншымі зрубамі бабінца і выцягнутай прамавугольнай апсіды. Высокі вальмавы дах літургічнай залы, выгінаючыся, перацякае ў пакрыцці апсіды і пярэдняга зруба з дапамогай трохкутных застрэшкаў. Лаканічныя архітэктурныя формы царквы вызначаюцца дасканалымі памерамі праз пэўныя суадносіны вышыні вальмавага даху – 6 м, шырыні і даўжыні будынка – 9,40 і 15, 65 м.
Храм узведзены на каменным падмурку, на якім ляжыць ніжні вянок з дуба, а астатні зруб выкананы гарызантальнымі вянкамі з сасновых брусоў. Знадворку ашаляваны вертыкальнымі дошкамі з прафіляванымі нашчэльнікамі, якія падкрэсліваюць вертыкальную накіраванасць будынка і ствараюць спецыфічны рытм гульні святла і ценю на фасадзе. Аб’ёмна-прасторавая канструкцыя складаецца з сіметрычнай трохзрубнай кампазіцыі, у якой бабінец царквы мае такую ж шырыню корпусу, як і ў апсіды, і пакрыты з нефам агульным высокім дахам, на вільчыку якога ўзвышаецца пасаджаная на васьмігранную шыйку цыбулістай формы глаўка з каваным крыжам. Летам 1976 г. гонтавае пакрыццё царквы было заменена на сталёвае. З усходняга боку к нефу прымыкае накрытая вальмавым дахам прамавугольная ў плане, трохсценная апсіда з дзвюма бакавымі рызніцамі. Рызніцы невысокія – да ўзроўню аконных праёмаў апсіды, накрыты аднасхільнымі дахамі. Дзве бакавыя сцяны апсіды маюць па аднаму прамавугольнаму акну, кожная з рызніц – па аднаму маленькаму квадратнаму акну. Бакавыя сцены храма прарэзаны дзвюма прамавугольнымі высока размешчанымі вокнамі з простымі ліштвамі. Паміж праёмаў у цэнтры кожнай сцяны – па два вертыкальных брусы-сцяжкі.
Царква арыентавана ўваходам на захад. Далучаны да бабінцу невысокі каркаснай канструкцыі тамбур, накрыты двухсхільным дахам, які ўтварае трохвугольны франтон на галоўным фасадзе, і просты дзвярны праём з дзвюма прыступкамі вызначаюць галоўны ўваход у храм. Афармленне дзвярэй уяўляе сабой вытанчаную прапорцыю рысунка ромба, выкананага прафіляванымі дошчачкамі. У цэнтры кожнага палатна размешчана разетка з ромба з чатырма каванымі галоўкамі цвікаў. Бакавыя дзверы ў прытвор і дзверы ў рызніцу выкананы ў простым стылі. Інтэр’ер храма зальны. Пры ўваходзе зроблены хоры ў выглядзе навясной вузкай галерэі. Хоры падтрымліваюцца масіўнымі бэлькамі, якія абапіраюцца на вянкі сцен бабінца. Агароджаны хоры балюстрадай з разных дошчачак з поручнямі, выкананымі з бруса. У цэнтры нефа дзве невялікія драўляныя калоны, якія падтрымліваюць бэлькі перакрыцця. Салеі разам з клірасам прыўзняты на адну прыступку над падлогай нефа і складаюць працяг падлогі апсіды. Клірас агароджаны балюстрадай з разных балясін. Драўляны аднаярусны іканастас – галоўны кампазіцыйны элемент храма, які замыкае прастору нефа і аддзяляе алтарную частку. Іканастас падняты на высокі цокаль і аформлены карнізнымі паясамі, ніжні з якіх падтрымліваецца прамавугольнымі пілястрамі. У цэнтры размешчаны царскія вароты, якія вылучаюцца скразной разьбой, галоўным матывам якой стала вітковая вінаградная лаза. Усе дэталі пазалочаныя. У поле царскіх варот сярод разьбы размешчаны шэсць абразоў у круглых ківотах, па тры на кожнай створцы. Стык палотнаў царскіх варот прыкрываецца вітым бруском, які ўвенчаны крыжам. Зверху размяшчаецца частка вертыкальнага рэгістра іканастаса пад назвай сень, якая знаходзіцца ў адной плоскасці з брамай, і яе ніз паўтарае абрыс верха створак варот. У цэнтры сені знаходзіцца ікона ў разным васьмівугольным ківоце, а свабоднае поле запоўнена вытанчанай разьбой. У 1978 годзе выканана электрыфікацыя царквы.
Раней інтэр’ер Мікітаўскай царквы упрыгожвала цудоўная ікона “Адзігітрыя Іерусалімская”, напісаная на двух сасновых дошках у ХVI ст. На залачоным фоне іконы слаба выражаны малюнак неглыбокага разнога па ляўкасу арнаменту расліннага тыпу. У цэнтры – Маці Божая з дзіцём на руках. Гэтая ікона – адзін з унікальных твораў старажытнабеларускага іканапісу – сёння захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску, а ў Свята-Мікітаўскай царкве знаходзіцца яе спіс. Недалёка ад храму з боку апсіды стаіць двух’ярусная квадратная званіца, якая завяршаецца дахам у форме чатырохвугольнага шатра. Званіца ўяўляе сабой просты тып збудавання на чатырох слупах, некалькі збежных да цэнтра. Першапачаткова першы высокі ярус звонку абабіты дошкамі з нашчыльнікамі аналагічна, як і царква, у канцы мінулага стагоддзя сцены званіцы абіты бляхай. Другі ярус, на якім знаходзяцца званы, невысокі, адкрыты і аформлены прямавугольнымі праёмамі. Званіца разам з храмам ствараюць адзіны архітэктурна-мастацкі ансамбль.
У 500-гадовы юбілей Свята-Мікітаўскай царквы, 28 верасня 2002 г., яе наведаў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Сафроній. З 2003 года пры храме дзейнічае Нядзельная школа. З нагоды 510-ці і 515-годдзя архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан правёў у храме Святага Мікіты святочную літургію ў саслужэнні настаяцеляў царкоўных прыходаў Жабінкаўскага дабрачыння.
У Свята-Мікітаўскім храме вялі службы настаяцелі: айцец Сава (1502), айцец Сергій (1596), Іанікій Касціцкі (уніяцкі, 1596), Фёдар Бегаловіч (1864–студзень1892; у 1877 г. прызначаны духоўнікам Чаравачыцкага благачыння, у 1882 г. узнагароджаны нагрудным крыжам, меўордэнСв. Ганны3-й ступені), ГеоргійКавалеўскі (1898–1901), Стефан Сухецкі (12.05.1905–1910), Раман Шыманскі (1915), Данііл Сегень, іерэй (6.10.1923–сакавік 1925), Пётр Іванюк, іерэй (сакавік 1925–верасень 1926), Васіль Васільеў, іерэй (17.12.1927–снежань 1930), Барыс Бабкоўскі, іерэй (люты 1930–чэрвень 1931), Максім Бабіч, іерэй (29.11.1931–ліпень1935), Данііл Кунцэвіч, іерэй (жнівень 1935–сакавік 1937), Іаан Волінскі, мітрафорны протаіерэй (24.04.1937–сакавік 1954), Аляксей Рыбачук, протаіерэй (верасень 1954–6.07.1995), Васіль Паляціла, іерэй (10.11.1995–снежань 2001), Алексій Ярэмка, іерэй (снежань 2001–ліпень 2007), Стефан Гапанюк, протаіерэй (ліпень 2007–студзень 2022). Зараз прыход узначальвае Міхаіл Каладзяжны, іерэй (з 05.02.2022).
Часова служылі: Мікалай Драгун (з 6 лютага 1892), СтэфанЖукоўскі (з 21 лютага 1892), ПавелВінаградаў (красавік–жнівень 1901), МікалайДружылоўскі (да 1905), Аляксандр Малашка (верасень 1926), Стефан Шамардзін (25.11.1926–17.12.1927), Аляксей Яруцкі (красавік–жнівень 1954).
Бібліяграфія
Бібліяграфія
Кнігі:
Воробей, В.А. Бескупольные храмы Прибужского региона на примере Свято-Никитинской церкви в д. Здитово Жабинковского района / В.А. Воробей // Гістарычная культурная спадчына Берасцейшчыны : інфарм. бюлетэнь № 3 / [А.А. Башлакоў і інш. ; рэд.-склад.: В.І. Гарбузаў, Т.М. Гагакава]. – Брэст : [Брэсцкая друкарня], 2016. – С. 77-84 : іл.
Мароз, В. Свята-Мікітаўская царква (1502) у Здзітаве / В. Мароз // Драўлянае сакральнае дойлідства Палесся як феномен узаемадзеяння культур / В. Мароз // Гістарычная культурная спадчына Берасцейшчыны : інфарм. бюлетэнь № 3 / [А.А. Башлакоў і інш. ; рэд.-склад.: В.І. Гарбузаў, Т.М. Гагакава]. – Брэст : [Брэсцкая друкарня], 2016. – С. 47-48 : іл.
Здзітаўская Мікіцкая царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя. [У 6 т.] Т. 4 : З–Л / рэд. У.Ю. Аляксандраў (гал. рэд.) і інш. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2012. – С. 109 : іл.
Здитовская Никитская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия. В 7 т. Т. 1 : Брестская область. В 2 кн. Кн. 1 / [ред. кол.: Т.В. Белова (гл. ред.) и др.]. – Минск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. – С. 399-400 : ил.
Мікітцкая царква са званіцай // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ; [склад.: В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк]. – Мінск : Белта, 2009. – С.37-38 : іл.
Кулагін, А.М. Царква ў імя святога Мікіты (в. Здзітава, Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці) / А.М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагiн. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2007. – С. 178 : іл.
Здитовская Никитская церковь // Республика Беларусь : энциклопедия. В. 6. т. Т. 3 : Герасименко – Картель / ред. кол.: Г.П. Пашков (гл. ред.) и др. – Минск : Беларуская Энцыклапедыя, 2006. – С. 647-648 : ил.
Здзітава : [у т. л. пра Мікіцкую царкву] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. У 9 т. Т. 3. Кн. 1 : Брэсцкая вобласць / НАН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ; [рэд. кал.: Г.П. Пашкоў і інш.]. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2006. – С. 329-330 : іл.
Чарняўская, Т.І. Свята-Мікітаўская царква (в. Здзітава) / Т.І. Чарняўская // Манументальнае мастацтва і архітэктура раёна / Т.І. Чарняўская // Памяць. Жабінкаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [уклад. Р.Я. Смірнова ; рэд. А.Л. Петрашкевіч і інш.]. – Мінск : Ураджай, 1999. – С. 448-450 : іл.
Здзітаўская Мікітаўская царква // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэд. кал.: А.А.Воінаў і інш. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. – С. 223 : іл.
Чернявская, Т.И. Никитская церковь (д. Здитово, Жабинковский горсовет) / Т.И. Чернявская // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область / АН БССР, Институт искусствоведения, этнографии и фольклора, Белорусская Советская Энциклопедия ; ред. кол.: С.В. Марцелев (гл. ред.) и др. – Минск : Белорусская Советская Энциклопедия, 1990. – С. 181-182 : ил.
Здзітаўская Мікітаўская царква / А. Я. Міцянін // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т. 2 / рэд. кал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. – Мінск : Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1985. – С. 520 : іл.
Чарняўская, Т.І. Мікітаўская царква (в. Здзітава, Жабінкаўскі гарсавет) / Т.І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Бресцкая вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ; рэд. кал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. – Мінск : Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1984. – С. 162 : іл.
Здитово : [о Никитской церкви] // От Беловежской пущи до полесских болот : путеводитель по Брестской области / [текст: Татьяна Хвагина, Анатолий Варавва ; ред. Наталья Плыткевич ; фото: Сергей Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2013]. – С. 82.
Іканапіс Заходняга Палесся ХVI - ХIХ стст. / НАН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ім. К. Крапівы ; [В.Ф. Шматаў і інш.]. – 2-е выд. – Мінск : Беларуская навука, 2005. – 348, [4] с. : іл. – Са зместу : [абраз “Маці Божая Іерусалімская” са здітаўскай Мікіцкай царквы ; кар інф-цыя ; фота]. – С. 92-93.
Бензярук, А. Мікіцкая царква (в. Здзітава, Жабінкаўскі сельсавет) : [кар. інф-цыя] / Анатоль Бензярук // Памяць нашае зямлі : гісторыка-культурныя мясціны Жабінкаўскага раёна / Анатоль Бензярук. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2002. – С. 29 : іл.
Бензярук, А. Здзітава (Здитово, Здитов, Здитовец, мясцовае Здытово) : [у т. л. кар. інф-цыя пра Мікіцкую царкву] / Анатоль Бензярук // Наш край – Жабінкаўшчына : дапаможнік па гісторыі Беларусі / Анатоль Бензярук. – Брэст : [Брестская областная типография], 1996. – С.11-102.
Якимович, Ю.А. Деревянное зодчество Белорусского Полесья : [брошюра ; кр. инф-ция о церкви Никиты в д. Здитово ; фото] / Юрий Александрович Якимович. – Минск : Полымя, 1979. – [16 с.] : ил.
Здитовская Свято-Никитская церковь 1502 года : [фото] // Жабинка и окрестности = Zhabinka district : [фотоальбом] / [гл. ред. Владимир Шпарло ; авторы текста Антонина Хокимова, Владимир Шпарло; фотогр. Алексей Ганчук и др.]. – [Брест]: Вечерний Брест, [2010]. – С. 71.
Деревянной Свято-Никитской церкви в д. Здитово более 500 лет : [фото] // Брестчина, устремлённая в будущее : [фотоальбом] / [глав. ред. Владимир Шпарло]. – Брест : Вечерний Брест, 2009. – С. 147.
Свята-Мікіцкая царква. Здзітава : [фото] // Дарогамі роднага краю : турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна / [складальнік Анатоль Бензярук. – Брест : Брествестпресс, 2007]. – С. 22.
Перыёдыка:
Бензярук, А. Старажытны храм наведаў уладыка : [Свята-Мікіцкую царкву ў г. Жабінка наведаў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. – 2022. – 1 кастрычніка. – С. 6.
Свірыдовіч, В. Драўляная моц старажытных храмаў : [гісторыя храмаў у вёсках Здзітава (Жабінкаўскі раён), Паланечка (Баранавіцкі раён) і гарадах Давыд-Гарадок (Столінскі раён), Дзівін (Кобрынскі раён)] / Вольга Свірыдовіч // Заря. – 2022. – 2 июля. – С. 12–13.
Храму 520 год : [пра Свята-Мікіцкую царкву ў г. Жабінка] // Сельская праўда. – 2022. – 12 студзеня. – С. 5.
Гневушева, А. Храмы Брестчины – в Список ЮНЕСКО! : [в т.ч. о Свято-Никитской церкви в д. Здитово Жабинковского района] / Алена Гневушева // Заря. – 2017. – 18 ноября. – С. 4.
Кузіч, М. Шаноўны юбілей Свята-Мікіцкай царквы / Міхаіл Кузіч // Сельская праўда. – 2017. – 4 лістапада. – С. 3.
Ролич, О. Никитская церовь в Здитово / Ольга Ролич // Заря. – 2017. – 14 сентября. – С. 19.
Строк, В. Культурны ракурс / Вера Строк // ЛіМ. – 2017. – 31 сакавіка. – С. 16.
Ролич, О. Глас Господень на водах… : Свято-Никитской церкви в д. Здитово Жабинковского района исполнилось 510 лет / Ольга Ролич // Заря. – 2012. – 11 октября. – С. 19.
Бензярук, А. 510-годдзе храма і ласкі божай : [юбілей Свята-Мікіцкай царквы ў в. Здзітава] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. – 2012. – 3 кастрычн. – С. 1.
Хокимова, А. Колокольный звон над Мухавцем : [о Здитовской Свято-Никитской церкви] / Антонина Хокимова // Вечерний Брест. – 2012. – 18 июля. – С. 6.
Як з’явілася царква ў Здзітаве // Сельская праўда. – 2004. – 7 ліпеня.
Бензярук, А. Пяцiсотая восень храма / Анатоль Бензярук // Звязда. – 2002. – 23 кастрычніка.
Хокимова, А. К Патриарху на поклон : [к 500-летию Свято-Никитской церкви в д. Здитово] / Антонина Хокимова // Вечерний Брест. – 2002. – 4 октября.
Бензярук, А. Дзесяты юбілей Здзітаўскай царквы / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. – 2002. – 4 верасня. – С. 3.
Чарняўская, Т. Нашчадкі часу : да 1000-годдзя Праваслаўнай царквы на Беларусі : храмы Жабінкаўшчыны / Т. Чарняўская // Сельская праўда. – 1992. – 5 верасня. – С. 2
Смотрите нас на YouTube
Ленинская сельская библиотека
Ракитницкая сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Жабинковская детская библиотека
Жабинковская районная библиотека
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Центральная районная библиотека
Жабинка читающая
Читайте нас в Telegram