Храм Успення Прасвятой Багародзіцы (в. Булькова)
Храм Успення Прасвятой Багародзіцы (в. Булькова)

Царква Успення Багародзіцы ў вёсцы Булькова Берасцейскага павета Берасцейскага ваяводства ВКЛ (цяпер Пятровіцкага сельсавета Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) упершыню ўзгадваецца 20 верасня 1617 года ў даравальнай грамаце графа Андрэя Масальскага, дзяржаўнага дзеяча ВКЛ. Храм спачатку быў уніяцкім, а з 1839 года – праваслаўны. Драўляная царква са званіцаю напрыканцы ХІХ ст. прыйшла ў нягоднасць.

У 1870–1880-ыя гады настаяцелямі храма былі Юліян Ігнатовіч і Якаў Дамінікоўскі. Найбольшы ўнёсак у яго развіццё належыць айцу Платону Кяскевічу, які паклапаціўся пра будаўніцтва новай каменнай царквы. Для гэтага з казны было выдаткавана больш за 14 тысяч рублёў, збіраліся ахвяраванні вернікаў. У выніку за два гады храм быў узведзены і асвечаны 21 лістапада 1897 года.

У час Першай сусветнай вайны край моцна пацярпеў ад наступаючых нямецкіх войскаў, жыхары былі вымушаны падацца ў бежанцы. Летам 1915 года царкоўная маёмасць з Булькова была вывезена ў глыб Расіі і знікла бясследна. У чэрвені 1918 года з бежанства вярнуўся айцец Міканор Катовіч, якому германскія ўлады даручылі загадваць адразу чатырма прыходамі: Крупчыцкім, Азяцкім, Рагазнянскім і Булькоўскім. Восенню 1921 года прыехаў з Расіі былы псаломшчык Сяхновіцкай царквы Захарый Петручук, рукапаложаны ў свяшчэннікі, ён быў прызначаны ў Булькова. За час служэння айцец Захарый зрабіў нямала для аднаўлення свайго храма: у 1926–1929 гадах царква была атынкаваная, а неўзабаве і ўвесь будынак зведаў капітальны рамонт. Пасля смерці настаяцеля 19 верасня 1943 года, на яго месца быў прызначаны Іаан Малашка.

22 ліпеня 1944 года адступаючыя нямецка-фашысцкія захопнікі ўзарвалі званіцу Успенскай царквы, каб чырвонармейцы не ўладквалі на ёй назіральны пункт. Частка абразоў, царкоўнае начынне, богаслужэбныя кнігі былі пашкоджаны агнём, загінула багатая бібліятэка з прыходскай дакументацыяй. Некаторыя рэчы, што ўцалелі, былі размеркаваны па музеях, частка перададзена ў іншыя храмы. У летні час службы праводзіліся пад адкрытым небам, у зімовы – у доме святара. Да красавіка 1957 года абшчына на гэтыя патрэбы выкарыстоўвала хату Юстына Грачаніка.

Вясной 1955 года Жабінкаўскі райвыканкам вырашыў перадаць рэшткі храма Стрыганецкаму сельсавету для разборкі цагляных сцен на будаўніцтва школы. Зноў вернікі захваляваліся і засыпалі інстанцыі лістамі пратэсту, але ўсё дарэмна. У 1960 годзе абшчыну знялі з рэгістрацыі.

У 1980-ыя гады з Алтайскага краю вярнуўся Аляксей Мірочнік, якому вельмі хацелася, каб Булькоўская царква ўзнялася з руін. Некалі яго бацька быў царкоўным старастам. У маі 1989 года Аляксей Аляксандравіч напісаў ліст у рэспубліканскую «Сельскую газету», дзе расказаў гісторыю свайго храма і выказаў просьбу пачаць яго аднаўленне. З Міністэрства культуры БССР прыйшоў адказ, што патрэбна зрабіць вернікам: зарэгістраваць абшчыну, надаць царкве статус помніка культуры, стварыць праектна-каштарысную дакументацыю, адшукаць падрадчыка і крыніцы фінансавання. Галоўныя клопаты ў адраджэнні храма ляглі на царкоўны савет, узначалены Міхаілам Яроцкім.

17 жніўня 1989 года Міністэрства культуры БССР рэкамендавала Жабінкаўскаму райвыканкаму разгледзець пытанне аб аднаўленні помніка архітэктуры – Успенскай царквы ў Булькова. 10 кастрычніка 1990 года была зарэгістравана прыходская абшчына. 21 лістапада дабрачынны Брэсцкага раёна пратаіерэй Яўген Парфянюк правёў асвячэнне развалін колішняга храма, адбыўся малебен з нагоды пачатку адбудовы святыні.

У жніўня 1991 года быў заключаны дагавор з Беларускім рэстаўрацыйна-праектным інстытутам (гал. архітэктар У. М. Казакоў) на праектна-пошукавыя работы. Падрадчыкам выступіла Брэсцкае рэстаўрацыйнае ўпраўленне (дырэктар М. М. Астапчук). Частку сродкаў на аднаўленне храма выдаткавала Міністэрства культуры, таксама сродкі ўнеслі мясцовы саўгас «Беларусь» (дырэктар П. С. Грыб), Пятровіцкі сельсавет, збіраліся ахвяраванні прыхаджан.

У студзені 1994 года настаяцелем прызначаны iерэй Пётр Мірончык. Малады святар актыўна ўключыўся ў працу. Да канца года аднаўленне Свята-Успенскай царквы наблізілася да завяршэння. 21 лістапада яна была асвечана епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Канстанцінам (Хомічам). 5 лістапада 1995 года ладзілася ўрачыстае богаслужэнне ў гонар завяршэння будаўнічых работ. Рэстаўратары ўручылі сімвалічны ключ настаяцелю, а сакратар епархіі Міхаіл Сацюк перадаў у дар абразы Хрыста і Божай Маці. Неўзабаве храму былі перададзены некаторыя царкоўныя рэчы з фондаў Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

У адноўленым Свята-Успенскім храме вялі службы настаяцелі: Анатоль Тарасевіч (1998–2002), Уладзімір Урачоў (2002–2006), Георгій Бараноўскі (2006–2009), Сергій Калінчук (2009–2013). З марта 2013 года прыход узначальвае Пётр Дударчук.

З 2014 года пры храме дзейнічае нядзельная школа.