
З першых дзён акупацыі ў Беларусі пачаў разгортвацца партызанскі рух. Вялікую ролю ў яго развіцці ў Брэсцкай вобласці адыгралі вайскоўцы, якія апынуліся ў акружэнні. Яны знаходзілі падтрымку ў насельніцтва, з яго дапамогай аб'ядноўваліся ў групы і пераходзілі да партызанскіх дзеянняў.
Усенародная ўзброеная барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна пачалася з першых дзён акупацыі. Ужо на другі дзень вайны ў Старасельскім лесе (Жабінкаўскі раён) арганізавалася група байцоў, каля 300 чалавек, якія адсталі ад часцей Чырвонай Арміі, пад камандаваннем камандзіра кулямётнай роты 125-га палка лейтэнанта Сяргея Сяргеевіча Шыканава і маёра Сямёна Капітонавіча Дародных, камандзіра 84-га стралковага палка 6-й стралковай дывізіі. Уся тэрыторыя была захоплена немцамі, прабіцца да злучэння са сваімі часцямі не ўдалося, таму вырашылі застацца ў Старасельскім лесе і арганізаваць партызанскі рух у тыле ворага, так у ноч з 24 на 25 чэрвеня 1941 года быў створаны партызанскі атрад.
Маёр Дародных, у надзеі прабіцца праз лінію фронту, павёў сваё падраздзяленне на ўсход.
Застаўшыхся партызан узначаліў Шыканаў. Яму ўдалося пазнаёміцца са старшынёй Старасельскага сельсавета Міхаілам Мікітавічам Чарнаком, які, сабраўшы сельскі актыў, дамовіўся з сялянамі аб забеспячэнні атрада прадуктамі і сувязямі.
Пасля ўступлення Чарнака ў атрад, яго выбралі камандзірам партызанскай разведкі, так як ён добра ведаў лес і людзей з суседніх вёсак. Партызаны ўсталявалі цесную сувязь з актывістамі вёсак Азяты, Антанова, Радванічы, Франопаль, праз іх атрад падтрымліваў цесныя кантакты з мясцовым насельніцтвам, атрымліваў дапамогу і інфармацыю пра ворага. Абзавяліся некалькімі радыёпрыёмнікамі, запісвалі зводкі Савінфармбюро і размнажалі на пішучай машынцы. Іх распаўсюджвалі не толькі ў зоне дзеяння Старасельскага партызанскага атрада, але і ў іншых населеных пунктах, у тым ліку і ў Брэсце, праз сувязных.
Міхаіл Мікітавіч карыстаўся аўтарытэтам у атрадзе. Дзякуючы яго разведдадзеным, сіламі партызан разгромлены паліцэйскія ўчасткі ў Ракітніцы, Радванічах, Навасёлках, Чарнянах, Азятах. Па ініцыятыве І.П. Салейкі і М.М. Чарнака штаб Старасельскага атрада падрыхтаваў масавую аперацыю па знішчэнні 50 тон збожжа на нямецкім складзе, якая прайшла паспяхова. У пачатку восені 1941 года немцы мабілізавалі сялян на перавозку боепрыпасаў з палігона на склад. Чарнак адправіўся з аднавяскоўцамі на сваёй падводзе, пагрузіў шэсць станкавых кулямётаў, скрыні гранат і патронаў, у дарозе звярнуў у Старасельскі лес, у атрад. Гітлераўцы, жадаючы злавіць Міхаіла, прызначылі за яго галаву 50 тысяч рейхсмарак.
Мясцовыя жыхары дапамагалі пры адборы людзей у партызанскі атрад. Пазней да партызанаў падключыўся ўраджэнец вёскі Сцяброва (Жабінкаўскі раён), былы начальнік міліцыі Жабінкі Аляксей Данілавіч Дзмітрук, які быў назначаны палітруком. Вялікую дапамогу атраду аказвала Паліна Аляксееўна Гарэлава. Працуючы ў аптэцы гарадскога пасёлка Жабінка, яна рэгулярна забяспечвала атрад усімі неабходнымі медыкаментамі. Яе перадачы, нароўні з паступленнямі з Брэста, былі асноўнай крыніцай папаўнення медыкаментаў. У атрадзе існавалі партыйная і камсамольская арганізацыі. Парторгам была Марыя Іванаўна Прошына. Пасля яе смерці парторгам стаў Раман Ерамеявіч Скавародка. Камсоргам атрада была Фаіна Георгіеўна Тронкіна.
Атрад абзавёўся некалькімі радыёпрыёмнікамі, партызаны запісвалі зводкі Савінфармбюро і размнажалі на пішучай машынцы. Іх распаўсюджвалі не толькі ў зоне дзеяння Старасельскага партызанскага атрада, але і ў іншых населеных пунктах, у тым ліку і ў Брэсце, праз сувязных.
У верасні 1941 года каля 90 партызан на чале з Шыканавым і Зяленіным вырашылі прабівацца на ўсход, на месцы заставалася невялікая група колькасцю да 25 чалавек. Але прарвацца не ўдалося, і атрад вярнуўся ў Старасельскі лес.
На працягу восені-зімы 1941 года атрад усталяваў цесныя сувязі з антыфашысцкімі арганізацыямі Брэсцкага, Кобрынскага і іншых раёнаў, дзейнічаў не толькі на тэрыторыі Жабінкаўскага, але і Кобрынскага, Дзівінскага, Маларыцкага, Камянецкага, Брэсцкага раёнаў. Партызаны ладзілі засады на дарогах, нападалі на гарнізоны праціўніка, ліквідавалі дробныя паліцэйскія ўчасткі, наносілі ўдары па камунікацыях.
У канцы восені ў Старым Сяле нямецкая паліцыя арыштавала палкавога камісара Савецкай Арміі Івана Рыгоравіча Чапіжэнку, які ўцёк з лагера ваеннапалонных. Па даручэнні лейтэнанта С.С. Шыканава сувязны атрада камсамолец Мікалай Алексіевіч з вёскі Старое Сяло арганізаваў засаду і вызваліў гэтага афіцэра.
У сакавіку 1942 года атрад Сяргея Шыканава аб'яднаўся з Брэсцкай групай камісара Леаніда Пятровіча Зяленіна і Кобрынска-жабінкаўскай Сяргея Мікітавіча Кіцьяна. У чэрвені ў Старасельскі атрад улілася група Івана Салейкі, якая дзейнічала ў Шэбрынскім лесе.
Неўзабаве ў атрадзе партызанка Марыя Прошына выйшла замуж за камісара Леаніда Зяленіна. У пары нарадзіўся сын Вадзім. Разумеючы, што дзіцяці ў лесе не выжыць, яго аддалі ў сям'ю жыхара вёскі Стрыганец Данілы Андраюка, спадзеючыся пасля вайны забраць хлопчыка, але 23 сентября 1943 года 24-гадовы Леанід загінуў у баі. Вяртаючыся з задання, група, якую ён узначальваў, на ўскраіне вёскі Арлянка Маларыцкага раёна была акружана фашыстамі. Марыя загінула 13 сакавіка 1944 году ў баі з украінскім фашысцка-нацыяналістычным атрадам у вёсцы Повіць (Кобрынскі раён). Партызанскі сын застаўся ў сям'і Андраюкоў, лічачы прыёмных бацькоў роднымі.
З сакавіка па лістапад 1942-га атрад правёў шэраг баявых аперацый: было знішчана 11 аўтамашын і забіта 62 гітлераўца. Пры ўдзеле насельніцтва быў спалены ўраджай у маёнтках Задерць, Булькова, Ацячызна, Багуславічы.
На барацьбу з партызанамі фашысты кінулі часткі СС. У вёсках Старое Сяло, Азяты, Ракітніца, Чарняны, Антанова, Вялікарыта, Радванічы, Забалоцце яны размясцілі гарнізоны колькасцю да 80 чалавек кожны. Кожны дзень адбываліся ўзброеныя сутыкненні. Ўзлаваныя няўдачамі, фашысты падвергнулі нечуваным рэпрэсіям мірнае насельніцтва. Але і ў гэтай складанай абстаноўцы атрад працягваў барацьбу: прадаўжаў наносіць удары па гарнізонах немцаў і паліцаяў; зрабіў разгром нямецкай аўтакалоны з 40 машын пад вёскай Ратна; падрывы варожых эшалонаў.
У пачатку красавіка 1943 года для ўстанаўлення сувязі з Пінскім штабам па кіраўніцтву партызанскімі атрадамі са Старасельскага партызанскага атрада накіравалі камісара Зяленіна з невялікай групай партызан. Вярнуўшыся, ён паведаміў, што і ў Брэсцкай вобласці створана такое ж злучэнне, прадстаўнікі якога неўзабаве павінны прыбыць у Старасельскі лес. У канцы красавіка 1943 года ў атрадзе налічвалася каля 150 узброеных партызан.
2 мая 1943 года ў баі загінуў камандзір разведкі атрада Міхаіл Чарнак, які быў пахаваны ў лясным урочышчы Заброддзе пад старым дубам, у памяць аб бясстрашным партызане яго імем назвалі атрад. Пасля вайны астанкі М.М. Чарнака перапахавалі ў в. Старое Сяло. Пасля смерці Міхаіла Мікітавіча разведку атрада ўзначаліў Ігнат Антанюк.
21 мая 1943 года ў атрад перайшла са зброяй група асяцін у колькасці 36 чалавек на чале з былым старшым лейтэнантам Чырвонай Арміі Рамазанам Дзабiевiчам Козыравым. Гітлераўскае камандаванне спрабавала прыцягнуць для барацьбы з партызанамі мясцовае насельніцтва, ваеннапалонных, збіраючы іх у так званыя нацыяналістычныя батальёны, але пераважная большасць заставалася сумленнымі савецкімі людзьмі, якія імкнуліся атрымаць зброю і павярнуць яе супраць гітлераўскіх захопнікаў, перайсці да партызанаў. Адна група з такіх байцоў улілася ў атрад імя М.М.Чарнака. У маі 1943 года на станцыі Брэст выгрузіўся 825-ы батальён «Паўночна-каўказскага легіёна». Батальён перакінулі з мястэчка Весола, што пад Варшавай. Немцы сфармавалі яго з ваеннапалонных чырвонаармейцаў паўночнакаўказскіх народаў. Батальёну трэба было несці ахову чыгуначнага вузла. Асяцінскай ротай камандаваў Рамазан Дзабіевіч Козыраў, які падчас наступу пад Харкавам у 1942 годзе цяжка параненым трапіў у палон. Рамазан Козыраў, Альберт Канукаў, Мазарбек Каліеў, Каспалат Руба, Руслан Улубіеў і іншыя вырашылі ў лагеры ваеннапалонных пайсці ў фарміруемую асяцінскую роту з тым, каб потым са зброяй у руках перайсці да партызанаў або на бок Чырвонай Арміі. Асяцінскую роту раскватаравалі ў казармах паблізу вёскі Пугачова Брэсцкага раёна. Амаль кожны дзень пад рознымі падставамі Козыраў пасылаў сваіх людзей у бліжэйшыя вёскі, каб нешта даведацца пра партызанаў. Захапіўшы некалькі ручных кулямётаў, пісталеты, патроны Козыраў з групай рушылі да шэбрынскага леса. Маршрут выбралі каля паселішчаў Радванічы і Франопаль, проста ў Старасельскі лес. А праз дзень сустрэліся з атрадам імя М.М. Чарнака. Козырава прызначылі камандзірам узвода, а пазней камандзірам гэтага партызанскага атрада.
Камандаванне атрада рыхтавала разгром паліцэйскага ўчастка ў вёсцы Азяты. Прыход групы асецін, апранутых у нямецкую форму, паскорыў правядзенне аперацыі. Кіраваў ёю партызан, паляк Раман Рамкоўскі, які добра валодаў нямецкай мовай. Раніцай 25 мая ў вёску ўступіла падраздзяленне, якое прыслалі нібыта як падмацаванне паліцыі для барацьбы супраць партызан. Усе паліцэйскія былі знішчаны. Група партызан без страт з трафеямі вярнулася ў лагер. Пасля шэрагу паспяховых аперацый супраць паліцэйскіх участкаў у Чарнянах, Вялікарыце і Радванічах гітлераўцы перамясцілі паліцыю ў раённыя цэнтры.
У кастрычніку 1943 года ў атрад прыбыла група ўзброеных польскіх партызан колькасцю больш за 20 чалавек на чале з паручнікам Войцехам Янавічем Збілютам (Юра). Польскіх таварышаў суправаджалі сакратар антыфашысцкага камітэта Жабінкаўскага раёна Васіліса Сямёнаўна Селівонік і сувязны Шадурскі. На базе гэтай групы стварылі трэцюю роту атрада. Яна хутка вырасла за кошт польскага насельніцтва і да канца сакавіка 1944 года налічвала больш за 60 чалавек. Палітруком роты прызначаны былы член КПЗБ А.О. Пугач. Трэцяя рота прымала актыўны ўдзел у баях, праводзіла дыверсійную работу.
З-за ранення стан здароўя камандзіра атрада С.С. Шыканыва пагаршаўася, па дамоўленасці з камандаваннем Пінскага злучэння ў канцы мая яго адправілі ў шпіталь на Вялікую зямлю, дзе ён лячыўся тры месяцы. Пасля выздараўлення паступіў у распараджэнне Беларускага штаба партызанскага руху, узначальваў Брэсцкі падпольны райкам камсамола. Камандзірам і камісарам атрада ім. Чарнака стаў Зяленін Леанід Пятровіч.
У другой палове чэрвеня 1943 года на чале з Захарам Філімонавічам Паплаўскім у атрад прыйшлі прадстаўнікі штаба Брэсцкага партызанскага злучэння. 8 ліпеня 1943 года з атрада ім. Чарнака, які налічваў ужо каля 300 узброеных партызан, вылучылі атрад ім. Фрунзе, які прыняў Павел Пятровіч Спірыдонаў. З ліку партызан, якія знаходзіліся ў Халстуноўскіх лясах, створаны атрады ім. Варашылава і ім. Жукава. Зонай дзеяння атрада ім. Фрунзе былі Чарнянскі і Барысаўскі лясы. У Старасельскім і Шэбрынскім лясах па-ранейшаму базіраваўся атрад ім. Чарнака. Адначасова партызанскія атрады ім. Чарнака, ім. Фрунзе, ім. Варашылава і ім. Жукава былі аб’яднаны ў брыгаду ім. Сталіна. Камандзірам брыгады прызначаны Л.П. Зяленін, а пасля яго гібелі 23 верасня 1943 года – Сумбат Арзуманян. Брыгада дзейнічала на тэрыторыі Маларыцкага, Жабінкаўскага, Дамачаўскага, Брэсцкага, Кобрынскага і Дзівінскага раёнаў. Камандзірам атрада ім. Чарнака стаў Рамазан Дзабіевіч Козыраў, камісарам – Аркадзь Іванавіч Аршынаў.
Гітлераўцаў трывожыў рост партызанскага руху паблізу Брэста, яны пачалі падрыхтоўку карнай аперацыі. 2 жніўня 1943 года ў вёскі Азяты і Старое Сяло прыбылі падраздзяленні войск СС колькасцю да 150 чалавек кожнае. У ноч на 4 жніўня партызаны пад камандаваннем Рамазана Козырава і Івана Фёдаравіча Селівоніка раптам уварваліся ў Старое Сяло. Бой працягваўся да трох гадзін ночы. Забілі 22 і паранілі больш за 15 гітлераўскіх салдат і афіцэраў. Партызаны прывезлі ў лагер адзін станкавы і два ручныя кулямёты, больш за 30 вінтовак, вялікую колькасць боепрыпасаў, абмундзіравання і прадуктаў. Раніцай немцы сышлі з вёсак Старое Сяло і Азяты. У гэтым баі загінулі 6 партызан.
Пасля разгрому нямецкага гарнізона ў Старым Сяле аўтарытэт партызан яшчэ больш узрос. Пачалося масавае ўступленне ў партызанскі атрад, да канца 1943 года ў ім налічвалася каля 400 узброеных байцоў.
Пры атрадзе было створана пяць, а затым сем дыверсійных груп, якія займаліся галоўным чынам падрывам эшалонаў. З сакавіка 1942 года камандзірам адной з груп стаў Мікалай Якаўлевіч Шчарбакоў, празваны ў атрадзе «Міколай-прафесарам», пад кіраўніцтвам якога ў Брэсце быў узарваны Сувораўскі мост праз Мухавец, за што партызан узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга. Лепшымі мінёрамі атрада былі: Н. Квячэўскі, Н. Ткачэнка, А. Мілехін, А. Бяляеў, А. Антанюк, М. Мілянчук, І.Козел, Т. Ліпінскі, Калітчанка, Зданевіч, Харчэнка, Перагудаў, Гайда, Пархоц. Узрыўчатку здабывалі з снарадаў, якія з дапамогай мясцовага насельніцтва звозілі з-пад Брэста і Кобрына. Дыверсіі праводзіліся на ўчастку жалезнай дарогі Брэст–Маларыта, Брэст–Жабінка, Жабінка–Кобрын, Жабінка–Тэўлі.
У 1943 годзе група партызан з атрада ім. Чарнака ў складзе Ахцеміра Каурбекавіча Кулава, І.В. Ватульчанка, Асмана Кудзіева, Н.А. Пеліна, вяртаючыся з баявога задання, нарвалася на засаду праціўніка і ў перастрэлцы загінула. Для застрашвання мясцовага насельніцтва іх целы павесілі ў Жабінцы на рыначнай плошчы (у цяперашні час – будынак райвыканкама). У памяць аб загінулых на будынку Жабінкаўскага райвыканкама ў 1955 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
У кастрычніку 1943 года стала вядома пра распрацоўку гітлераўцамі карнай аперацыі супраць партызан. Звесткі паступілі з Жабінкі ад кіраўніка падпольнай групы Веры Бандаровіч (па мужу Верабей, псеўданім «Крылова»), якая паведамляла, што немцы рыхтуюць акцыю супраць партызан у раёне Старасельскага лесу. Інфармацыя была тэрмінова перададзена камандзіру атрада ім. Чарнака Р.Д. Козыраву. 8 кастрычніка немцы атакавалі партызанскую зону ў раёне Старога Сяла і лесу, які прымыкае да яго, але атрад своечасова перайшоў у Чарнянскі лес, манеўруючы і пакідаючы ў засадах невялікія групы, якія стрымлівалі ворага і дэзарыентавалі яго. Пацярпеўшы няўдачу, фашысты не адмовіліся ад намеру знішчыць партызан. 18 кастрычніка яны распачалі новую акцыю, гэтым разам у Чарнянскім лесе, але зноў план праваліўся. У Чарняўскім лесе чарнакоўцы злучыліся з атрадам ім. Фрунзе і, дзякуючы папераджальнаму паведамленню, адышлі ў Барысаўскі лес.
Атрымаўшы загад камандзіра брыгады аб правядзенні рэйкавай вайны, атрады ім. Чарнака і ім. Фрунзе за адну ноч перайшлі з Барысаўскага ў Шэбрынскі лес, выйшлі на дарогу Брэст–Ковель паміж станцыямі Каменная і Закруцін. У ноч з 22 на 23 кастрычніка партызаны ўдзельнічалі ў аперацыі «Канцерт». У мэтах бяспекі паставілі моцныя прыкрыцця ў напрамаку гэтых станцый. 130 чалавек атрымалі па 4 шашкі толу, якімі яны павінны былі падарваць рэйкі. Па сігналу ракеты прыступілі да выканання задання. На працягу каля 3 кіламетраў чыгуначнае палатно было цалкам разбурана.
У азнаменаванне 26-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі ў ноч з 6 на 7 лістапада 1943 года партызанамі і мабілізаванымі мясцовымі жыхарамі з бліжэйшых вёсак выведзена са строю шаша Брэст-Ковель у 20 кіламетрах ад Брэста, а таксама Мікалаем Шчэрбаковым и Васілём Несцярэка праведзены выбухі на чыгуначным вакзале і аўтазаправачнай станцыі ў Брэсце.
22 сакавіка 1944 года ля вёсак Малінаўка і Паўлопаль Маларыцкага раёна атрады імя Чарнака і Фрунзе злучыліся з часткамі Чырвонай Арміі, разам з якімі 24–25 сакавіка вялі цяжкі бой каля вёскі Ор (Кобрынскі раён).
1 красавіка 1944 года камандзірам атрада ім. Чарнака прызначылі Івана Фёдаравіча Селівоніка, начальнікам штаба – Анатоля Сяргеевіча Вядмедка. 300 партызан атрада перададзеныя ў запасны полк 70-й арміі, астатнія атрымалі ўказанне ад сакратара Брэсцкага абкама КП(б)Б М.М. Тупіцына і камандуючага 70-й арміяй генерал-лейтэнанта В.С. Папова зноў перайсці лінію фронту і разгарнуць партызанскія дзеянні ў ранейшай зоне. У маі 1944 года атрад колькасцю каля 90 чалавек з двума радыстамі і рацыяй вярнуўся на месца прызначэння.
20 ліпеня, пры адступленні, немцы спрабавалі праехаць праз Старасельскі лес, але партызаны атрада арганізавалі засаду і ўступілі з імі ў адкрыты бой. У выніку больш чым трохгадзіннай сутычкі было забіта 2 афіцэры і 16 салдат, паранена 14, захоплена 2 ручных кулямёта, 15 вінтовак, боепрыпасы.
21 ліпеня 1944 года атрад ім Чарнака ў другі раз аб'яднаўся з Чырвонай Арміяй.
Жабінкаўскі раён удзячна захоўвае памяць пра подзвігі першага партызанскага атрада. У 4-х кіламетрах на поўдзень ад вёскі Старое Сяло, у лясным урочышчы Заброддзе, каля так званага дуба Чернака, у 1969 годзе ўсталяваны помнік у выглядзе шалаша, побач – стэла з 77-ю імёнамі загінуўшых партызан Старасельскага атрада.
У лесе паміж вёскай Баранцы і хутарам Ліскі ў 1990 годзе змайстраваны помнік на месцы партызанскіх явак. Ён уяўляе сабой камень-валун на цагляным пастаменце, на помніку пліта з надпісам: «Тут знаходзіўся хутар Хоміча Андрэя Арцёмавіча (дзядзькі Андрэя), месца яўкі партызан атрадаў ім. Чернака і ім. Фрунзе. 1941–1944 гг.».
У 1975 годзе ў цэнтры вёскі Старое Сяло ў скверы ўзведзены помнік (скульптар Георгій Пясецкі, архітэктар В.А. Пак) на брацкай магіле, дзе пахаваны 5 партызан, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у 1941–1944 гадах, сярод іх і Міхаіл Мікітавіч Чарнак.
Помнік уяўляе сабой архітэктурна-скульптурны ансамбль, які складаецца з бюста М.М. Чарнака, усталяванага на чатырохгранным пастаменце з невялікім выступам на фасаднай часцы, і кальца, якое зліваецца з пастаментам. У цэнтры кальцо разарвана і ўтварае падыход да надмагільнага помніка. Перад уваходам – стэла з выявай ордэна Айчыннай вайны. Справа ад помніка – другая стэла з памятным надпісам.
Імем адважнага партызана-зямляка названы вуліца ў г. Жабінка і сквер у вёсцы Старое Сяло.
Паводле афіцыйнага пераліку каманднага складу партызанскіх фарміраванняў Беларусі, сабранага Інстытутам гісторыі партыі пры ЦК КПБ, камандзірамі партызанскага атрада імя Чарнака значацца:
Шыканаў Сяргей Сяргеевіч — чэрвень 1941 года – чэрвень 1943 года, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (1943).
Бізяеў Леанід Трафімавіч — чэрвень – жнівень 1943 года.
Козыраў Рамазан Дзабiевiч — жнівень 1943 года – сакавік 1944 года, узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, медалём «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені (1944).
Селівонік (Хоміч) Іван Фёдаравіч — красавік 1944 года – ліпень 1944 года, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (1948), польскім ордэнам «Крыж адважных» і трыма медалямі.
Камісары:
Зяленін Леанід Пятровіч — люты 1942 – ліпень 1943.
Козыраў Рамазан Дзабiевiч — ліпень – жнівень 1943.
Аршынаў Аркадзій Іванавіч — верасень 1943 – ліпень 1944.
Начальнікі штаба:
Кіцьян Сяргей Мікітавіч — снежань 1942 – чэрвень 1943.
Селівонік (Хоміч) Іван Фёдаравіч — чэрвень 1943 – красавік1944.
Вядмедка Анатоль Сяргеевіч — красавік 1944 – ліпень 1944.
Смотрите нас на YouTube
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Жабинковская детская библиотека
Жабинковская районная библиотека
Ракитницкая сельская библиотека
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Центральная районная библиотека
Жабинка читающая
Читайте нас в Telegram